Ціханоўская прыняла прапанову Зяленскага прыехаць у Кіеў
Святлана Ціханоўская і сям'я Зяленскіх у Вільні / president.gov.ua
Святлана Ціханоўская прыняла прапанову Уладзіміра Зяленскага прыехаць у Кіеў. Бліжэйшым часам яе каманда будзе займацца арганізацыяй гэтага візіту. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё расказаў дарадца лідаркі беларускіх дэмсілаў па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.
"Святлана Ціханоўская выказала поўную падтрымку Украіны, украінскага народа, украінскай нязломнасці, выказала захапленне ўкраінскімі ваярамі — і ў тым ліку беларускімі ваярамі, якія змагаюцца за свабоду Украіны. /.../ Яна падзякавала Зяленскаму за праграмны выступ у Вільні, дзе неаднакроць была згаданая Беларусь і былі ясна расстаўленыя акцэнты: кім з'яўляецца Лукашэнка — генерал-губернатарам, васалам пры Пуціне", — паведаміў Кучынскі.
Таксама падчас сустрэчы абмяркоўвалі працэс вызвалення беларускіх палітвязняў, у якім важную ролю адыграла каманда Зяленскага. І прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што ён гатовы аказваць такую падтрымку і дапамогу і надалей.
Гаварылі пра важнасць супольнай стратэгіі ў дачыненні да Лукашэнкі — па прыцягненні яго да адказнасці, па санкцыйным ціску. Пра беларускую місію ва Украіне, пра павелічэнне супрацы паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі беларусамі. Кучынскі выказаў надзею, што хутка будзе прызначаны новы спецпрадстаўнік Украіны па Беларусі — раней гэтую пасаду займаў Ігар Кізім.
"Важны меседж, які даў Зяленскі — ён і яго каманда, урад аддзяляюць рэжым Лукашэнкі ад людзей. Вельмі пазітыўна ацэньваем гэтую сустрэчу і будзем працаваць над дамоўленасцямі. З Банковай цяпер вельмі добры кантакт", — падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.
Ён дадаў: "Мы спадзяемся, што нас яднаюць не толькі агульныя героі (Астрожскі, Каліноўскі), але і агульная будучыня. І зразумела, што нашая будучыня шмат у чым залежыць ад Украіны, і нашыя лёсы ўзаемазвязаныя".