МАРГ знайшоў парушэнні ў 87% правераных інтэрнэт-крамаў

Інтэрнэт-гандаль

Інтэрнэт-гандаль / pixabay.com

Супрацоўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) праверылі за 2025 год 295 інтэрнэт-крамаў. У 257 з іх (87,1%) былі выяўленыя парушэнні заканадаўства, паведамляе прэс-служба ведамства.

У міністэрстве пералічылі гэтыя парушэнні: продаж тавараў з пераліку "забароненых да рэалізацыі", "забароненых да ўвозу і продажу", "забароненых да дыстанцыйнага гандлю", а таксама "прапановы замежнай валюты" і "прапановы да продажу тавараў, якія маюць прыкметы экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі".

Таксама ў МАРГ за мінулы год разгледзелі каля 400 зваротаў грамадзян, якія скардзіліся на парушэнні заканадаўства пры пакупках на маркетплейсах. Прэтэнзіі пераважна датычылі неналежнай якасці тавараў, дрэннага абслугоўвання, недакладнай інфармацыі пра тавары, затрымкі з вяртаннем.

Прэтэнзіі да інтэрнэт-крамаў маюць і іншыя ведамствы. Так, у сферы стандартызацыі летась выявілі 126 найменняў прадукцыі з парушэннямі “абавязковых патрабаванняў, звязаных з заканадаўствам аб ацэнцы адпаведнасці, тэхнічнымі рэгламентамі“ ЕАЭС і Беларусі.

У сферы аховы здароўя зарэгістравалі больш за 700 выпадкаў парушэнняў пры продажы лекаў, а таксама продаж тавараў з маркіроўкай на замежнай мове, падобных да зарэгістраваных прэпаратаў.

Падаткавікі выявілі маркетплэйс, які заніжаў падаткі.

А мясцовыя органы ўлады зарэгістравалі больш за 850 зваротаў "па пытаннях парушэнняў заканадаўства ў дзейнасці інтэрнэт-крамаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.