Дэпутаты не знайшлі ў мінскіх крамах перадсвяточнага настрою

Праверка ў сталічнай краме

Праверка ў сталічнай краме / Мінскі гарсавет

У многіх сталічных крамах недастаткова ці зусім няма навагодняга дэкору, які павінен "ствараць атмасферу свята" і стымуляваць попыт. Да такой высновы прыйшлі дэпутаты Мінгарсавета, якія зладзілі праверку крамаў, піша дзяржаўнае інфармагенцтва "Мінск-Навіны".

Уладальнікі крамаў запэўнілі, што бліжэйшым часам завершаць святочнае афармленне аб'ектаў.

Старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран разам з прадстаўнікамі раённых уладаў прайшоўся па крамах у Адоеўскай акрузе. Праверка паказала, што частка тавараў паўсядзённага попыту няправільна размешчана ў прыкасавай зоне. Якасць прадукцыі, асабліва арыентаванай на дзяцей, выклікала пытанні ў дэпутата.

Дэпутат Руслан Фурс звярнуў увагу на недастатковую колькасць курыных тушак у адной з крамаў, нездавальняючы санітарны стан і зноў-такі праблемы з навагоднім афармленнем.

"Не створана святочная атмасфера, якая стымулюе пакупніцкую актыўнасць у перадсвяточны перыяд", — наракаў і дэпутат Андрэй Крывашэеў, кіраўнік "Мінск-Навінаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.