Праверка Дзяржкантролю выявіла, што ў школах могуць выкідваць да 75% абедаў

Дзеці не ядуць у школьных сталовых. У адходы ідуць велізарныя аб’ёмы ежы

Дзеці не ядуць у школьных сталовых. У адходы ідуць велізарныя аб’ёмы ежы / pixabay.com

Выбарачная праверка Камітэта дзяржаўнага кантролю выявіла, што ў беларускіх школах могуць выкідваць да 75% абедаў, якія дзеці не з’ядаюць. У справаздачы, якая аказалася ў распараджэнні рэдакцыі Еўрарадыё дзякуючы  BELPOL, адзначаецца, што, "нягледзячы на прыняцце пэўных мер па ўдасканаленні школьнага меню з улікам пераваг вучняў, застаецца актуальнай праблема незапатрабаванасці прыгатаваных страў у школьнікаў".

Падчас праверкі 18 лістапада 2025 года ў ДУА "Гімназія № 21 г. Мінска" было ўстаноўлена наступнае.

Для 134 вучняў 5-х класаў быў арганізаваны абед паводле новага эксперыментальнага меню. У адходы вярнулася 64,9%, або 8,700 кг, стравы "Каша грэцкая вязкая". Таксама ў адходы вярнулася 33,4%, або 3,360 кг, стравы "Філе птушкі запечанае “Смачнае”".

У гэты ж дзень для 101 вучня 7–8 класаў на абед была выдадзена 101 порцыя стравы "Каша грэцкая вязкая" агульнай масай 15,150 кг і стравы "Курынае філе, запечанае з сырам" масай 9 090 кг. У адходы вярнулася 10,580 кг кашы і 3,680 кг курынага філе.

У ДУА "Сярэдняя школа № 2 г. Талачына імя М. П. Лугоўскага" Віцебскай вобласці (602 вучні) у перыяд з 1.12.2025 па 11.12.2025 ад агульнай колькасці прыгатаванага ў адходы пайшло ад 52% да 75%.

Што ж рабіць?

Азнаёміўшыся са справаздачай Камітэта дзяржаўнага кантролю, Наталля Пяткевіч у лісце да чыноўнікаў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама выказала заклапочанасць тым, што "паўтор парушэнняў і іх частата сведчаць пра тое, што парадак у арганізацыі школьнага харчавання так і не навялі. Праведзеныя мерапрыемствы не даюць патрэбнага выніку, а дзейсныя меры кантролю да гэтага часу не прапанаваны. Патрабаванні Кіраўніка дзяржавы не выконваюцца".

Пяткевіч таксама адзначае, што "меры па прадухіленні падобных фактаў не выпрацаваны, у тым ліку прапановы па нарматыўным замацаванні палажэнняў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці кантролю за арганізацыяй школьнага харчавання".

Яна просіць "да 1 лютага 2026 года сумесна прапрацаваць і прадставіць комплекс мерапрыемстваў па радыкальным выпраўленні сітуацыі ў разгляданай сферы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.