"Дразды" перазапісалі сваю вядомую песню "Хата бацькоў" па-руску

Віталь Карпанаў і Юрый Стаянаў

Віталь Карпанаў і Юрый Стаянаў / "Дразды"

Гурт "Дразды" запісаў свой хіт "Хата бацькоў" па-руску. Пра гэта паведаміў франтмэн гурта Віталь Карпанаў і запосціў у Інстаграм фрагмент відэа. Разам з Карпанавым песню спявае артыст Юрый Стаянаў:

"Не продаётся родительский дом,
Земля родимая не продаётся.
Я возвращаюсь, я помню о нём.
И снова сердце чаще бьётся".

Песня "Хата бацькоў" стала бадай самым вядомым творам "Драздоў". Кліп на яе на YouTube набраў 5,4 мільёна праглядаў.

Рэакцыя на рускі варыянт была неадназначнай. Відэа ў інстаграме набрала ўжо каля 600 тысяч праглядаў і 24 тысячы падабаек. Некаторыя карыстальнікі пішуць, што гэтая песня на любой мове гучыць прыгожа, а нехта дадае, што ўнутры ўсё адно спявае яе па-беларуску.

Але самы папулярны каментар выглядае так: "Нееее! На беларускай мове лепш гучыць". Таксама некаторыя людзі ў каментарах пішуць, што "ажно вушы сціснуліся" і "мне балюча слухаць".

Імаверна, рускамоўны варыянт песні зрабілі для беларуска-расійскага фільма "Бацькоўскі дом", пра здымкі якога летась распавядаў Карпанаў, піша "Наша Ніва". Гэта сямейная камедыя пра сцюардэсу Дашу, якая прыязджае ў родную вёску, каб прадаць бабулін дом і расплаціцца з пазыкамі. З ёй адбываецца чарада кур'ёзных сітуацый. Прэм’ера стужкі запланаваная на канец красавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.