"Не бачу сэнсу" — міністр інфармацыі пра павелічэнне беларускамоўнага вяшчання

Марат Маркаў

Марат Маркаў / АНТ

Павялічваць колькасць беларускамоўнага тэлевяшчання міністр інфармацыі не бачыць сэнсу. Пра гэта Марат Маркаў заявіў, адказваючы на пытанне ў тг-канале свайго ведамства.

Адзін з чытачоў звярнуў увагу, што на некаторых тэлеканалах перадач па-беларуску няма зусім. Ён запытаўся, ці нельга было б давесці колькасць тэлевяшчання па-беларуску да 45%.

"Сапраўды, беларускамоўных праграм на ТБ не так шмат. Сітуацыя склалася не ўчора і адлюстроўвае агульную сітуацыю ў грамадстве", — адказаў Маркаў. Ён згадаў, што падчас апошняга перапісу беларускую мову назвалі роднай больш за палову грамадзян краіны, але гаворыць на ёй менш за чвэрць насельніцтва.

Перавесці 45% вяшчання на беларускую мову Маркаў назваў авантурай. Ён паведаміў, што тэлеканалы зарабляюць на рэкламе і арыентуюцца на запыты гледачоў.

"А толькі 1,1% тэлегледачоў, паводле сацапытання 2025 года Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, аддаюць перавагу глядзець тэлевізійныя праграмы на беларускай мове. Яшчэ траціна апытаных адзначаюць аднолькавую ступень перавагі як рускай, так і беларускай моў у тэлекантэнце. І што паказальна, доля тэлеглядзення нашага культурнага тэлеканала "Беларусь 3", дзе пераважаюць беларускамоўныя праграмы — у сярэднім 2,5%. Не ўлічваць гэтую рэальнасць мы проста не можам", — паведаміў міністр.

Падсумоўваючы свой адказ, Маркаў канстатаваў: "Не бачу сэнсу ўскладняць дадзенае пытанне ў цяперашні час, з улікам усяго таго кашмару, які дзеецца ў свеце".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.