Чаму амаль не адшукаць электронных кніг на беларускай мове? Адказваюць выдаўцы
Кнігі беларускіх выдавецтваў падчас продажу / Беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova
Беларускамоўныя аматары кніг не першы год скардзяцца на адсутнасць лічбавых копій кніг у крамах прыватных кнігавыдаўцоў. Падавалася, такі варыянт гандлю найбольш пасаваў бы чытачам у Беларусі і ў замежжы. Электронныя копіі каштуюць танней, не патрабуюць дастаўкі і больш бяспечныя, чым іх папяровыя копіі. Але прадпрымальнікі не спяшаюцца насустрач прагрэсу.
Чаму так адбываецца і што замінае, беларускія кнігавыдаўцы распавялі падчас фестывалю Pradmova, які адбыўся напрыканцы лістапада ў Варшаве.
Боязь піратаў і неразуменне як прадаваць
Прадстаўнік выдавецтва Gutenberg Publisher Андрэй Бандарэнка вылучыў два аспекты, чаму беларускіх электронных кніг выходзіць так мала.
“Першае тое, што, напрыклад, тыя кнігі, якія перакладаюцца, асабліва заходнія, у іх праваўладальнікаў вельмі высокія патрабаванні адносна капіявання, пірацтва, гэтага ўсяго. Яны дазваляюць прадаваць электронныя кнігі толькі праз вызначаныя пляцоўкі, якія бяруць амаль палову грошай за рыначны кошт асобніка, і электронная копія атрымліваецца амаль што даражэйшая за папяровую.
Каб у нас была магчымасць на ёй неяк зарабляць [— мы б гэта рабілі]”, — расказаў Бандарэнка.
Найбольшыя выдаткі за публікацыю кнігі ідуць не за друк, а за падрыхтоўку: рэдактуру, карэктуру, стварэнне макета, шыхтаванне, стварэнне вокладкі і г. д.
Адносна беларускіх кніг, то выдавецтва Gutenberg Publisher выдае лічбавыя асобнікі.
“Зноў-такі маленькае выдавецтва мае маленькія магчымасці, то-бок маленькую каманду. Адпаведна, гэта ўсё пытанне часу. З'яўляецца час — мы робім яшчэ штосьці. Так, мы пакуль што ў адрозненне ад Андрэя Янушкевіча [стваральнік выдавецтва “Янушкевіч”, — Еўрарадыё] <...> расцем і з кожным крокам штосьці робім.
Напрыклад, <...> менавіта кнігі беларускіх аўтараў мы зараз намагаемся зрабіць у электронным выглядзе. І нават тыя навінкі, якія ў нас выйшлі, зараз ужо можна будзе купіць бліжэйшым часам. Мы над гэтым працуем”.
Невялікую прысутнасць электронных копій у продажы патлумачыў пісьменнік і рэдактар выдавецтва “Мяне няма” Павел Анціпаў. Ён абумовіў гэта адсутнасцю разумення, як іх прадаваць.
“У нас папросту няма крамаў, якія б займаліся продажам электронных кніжак. <...> Кніжкі папяровыя мы навучыліся рабіць і прадаваць. Кніжкі электронныя рабіць у прынцыпе няцяжка, але прадаваць мы іх не вучыліся.
У нас няма рэтэйлераў электронных кніжак. І мы не ведаем, як гэта рабіць. Таму вось у нас, напрыклад, тысяча экзэмпляраў папяровай кніжкі і дзесяць купленых электронак”.
Стваральнік крамы “Кнігаўка” і выдавецтва “Янушкевіч” Андрэй Янушкевіч адзначыў, што яго кампанія выдае электронныя кнігі.
“Мы гэта робім на Google Books і knigauka.com. Я не ведаю, хто там з праваўладальнікаў ставіць нейкія абмежаванні, каб кнігі прадаваліся на спецыяльных платформах.
У мяне зараз тут іншы досвед з’явіўся. Калі я заключаю дамовы, то ад нас ужо пачынаюць патрабаваць, каб правы прадаваліся не толькі на папяровыя, але і на электронныя кнігі адначасова”.
Паводле слоў суразмоўцы, сёння ў краінах Еўрасаюза з’яўляецца нормай, што ў асноўнай масе кнігі выходзяць адначасова ў электроннай і папяровай версіях.
“Сёння чалавеку проста даецца выбар. <...> Мы паступова таксама пераходзім да гэтай схемы. Вось, напрыклад, раман “Нуль” [польскага пісьменніка] Шчэпана Твардаха, які мы выдалі 6 лістапада, [з’явіўся] адразу ў электроннай і папяровай версіях”.
Янушкевіч прызнаўся ў страху, што продажы электронных кніг перабіваюць продажы папяровых. Але разам з тым разумее, што гэта няпраўда.
“Электронную версію шмат купляюць у краінах, дзе папяровая кніга цяжкадаступная — праз геаграфію, кошты дастаўкі. Ну падумайце самі, дастаўка ў Беларусь, калі ты хочаш пасылку адправіць, будзе каштаваць столькі ж, колькі і ў Аўстралію. І часта чытачу выгадна купіць электронную”.
Пры гэтым уладальнік “Кнігаўкі” заявіў, што беларусы вельмі пасіўныя пакупнікі. Найбольш кніг у яго замаўляюць чытачы з далёкіх заможных краін: Канады, ЗША, Швецыі і г. д.
Ігар Іваноў, прадстаўнік выдавецтва Skaryna Press, якое месціцца ў Лондане, распавёў пра іх досвед рэалізацыі лічбавых копій.
“Продаж электронных кніг у нас нашмат парадкаў ніжэйшы за папяровыя. Пра гэта трэба думаць. Мы прадаём кнігі праз Google Books, праз Apple, праз уласны вэб-сайт не прадаём”.
Пры гэтым выдавец лічыць, што беларускія чытачы больш ахвотна куплялі б электронную кнігу, калі б можна было спампаваць і пакінуць сабе гэты файл.
“А не так, як праз Google Books, дзе будзе яшчэ абаронена гэта кніга. Карацей, мне здаецца, у нашай аўдыторыі няма яшчэ звычкі купляць электронныя кнігі”, — лічыць Іваноў.
Напрыканцы Андрэй Бандарэнка паразважаў, чаму беларусы робяць перавагу адносна папяровых кніг:
“Мы вельмі часта сутыкаемся з такім, што людзі кажуць: “Не, я хачу папяровую кнігу”. І гэта не значыць, што электронная ім не патрэбная. Электронныя патрэбныя, і будзем іх рабіць.
Але я заўважыў такую рэч, што для беларусаў — асабліва за мяжой, асабліва для тых, хто далёка сапраўды ад Беларусі, у Канадзе там, на Філіпінах — патрэбна нейкае матэрыяльнае пацвярджэнне, што яны беларусы. То-бок, каб на паліцы стаяла беларуская кніжка. Вось яна — такая відавочная. Не дзесьці ў цябе там у iPad ці Kindle. А калі іх яшчэ некалькі, то ты ўжо ўвогуле беларус”, — адзначыў прадстаўнік Gutenberg Publisher.