Іспанія прызнае пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў

Пашпарт, ілюстрацыйнае фота

Пашпарт, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА

Іспанія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты грамадзян Беларусі.

Апублікаваная інструкцыя, згодна з якой пашпарты грамадзян Беларусі ў Іспаніі будуць прызнавацца сапраўднымі нават пасля заканчэння тэрміну дзеяння — без неабходнасці атрымання cédula de inscripción, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Дасягнуць гэтага атрымалася ў выніку дамоўленасцяў Офіса Святланы Ціханоўскай з уладамі Іспаніі. 20 чэрвеня 2025 году Ціханоўская правяла перамовы пра гэта з міністрам замежных справаў Хасэ Мануэлем Альбарэсам. Дамоўленасці былі канчаткова замацаваныя ў студзені 2026-га пры падтрымцы іншых міністэрстваў Іспаніі.

Праблемы з пашпартамі ў беларускіх палітуцекачоў пачаліся пасля ўказу Лукашэнкі, выдаджзенага ў верасні 2023 года. Ён забараніў беларускім консульствам мяняць пратэрмінаваныя пашпарты: цяпер памяняць іх на новыя можна толькі на тэрыторыі Беларусі ў органах МУС. Для вялікай колькасці беларусаў, якія пакінулі радзіму, асцерагаючыся палітычнага пераследу, такія паездкі небяспечныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.