“Канапак не было”. Зміцер Лукашук пра тое, як прайшоў калядны прыём у Наўроцкага
Зміцер Лукашук у кампаніі Марыны Золатавай і Сяргея Чалага / Еўрарадыё
“Пасля афіцыйнай часткі сустрэчы Караль Наўроцкі застаўся, каб нефармальна пагутарыць і зрабіць сумесныя здымкі з гасцямі. Мяне прыемна ўразіла, што значную частку гэтага часу ён размаўляў з нашымі экс-палітвязнямі”.
Такімі ўражаннямі дзеліцца рэдактар эфіраў Еўрарадыё Зміцер Лукашук, які пабываў на калядным прыёме прэзідэнта Польшчы для прадстаўнікоў беларускай дыяспары і нават прэзентаваў яму сваю кнігу пра беларускую нацыянальную ідэю.
Мерапрыемства адбылося ў варшаўскім палацы Бельведэр увечары 13 студзеня, але прыцягнула да сябе ўвагу яшчэ на мінулым тыдні, калі некаторыя беларусы пачалі скардзіцца ў сацсетках на тое, што іх не запрасілі. Адны адзначалі ў каментарах, што ў такіх падзеях няма вялікага сэнсу, калі не лічыць халяўных канапак. Другія пісалі, што сэнс, канешне, ёсць. Знайшліся і такія, што высоўвалі канспіралагічную тэорыю, нібыта паклікалі толькі лаяльных да Офіса Святланы Ціханоўскай.
— Дык што ж гэта за падзея адбылася пад прэзідэнцкай ялінкай і ці мае яна нейкае значэнне?
— Мне сапраўды было цікава патрапіць на гэтае мерапрыемства, бо гэта была першая сустрэча беларускай дыяспары з новым прэзідэнтам Польшчы, — працягвае распавядаць Зміцер Лукашук. — Хацелася пабачыць на свае вочы і паслухаць, што, як і з якой інтанацыяй прамовіць Караль Наўроцкі на беларускую тэму. Якія ў прынцыпе знойдзе падыходы.
Зразумела, што сустрэча была каляднай і пра ўсё не пагутарыш, але агулам у мяне вельмі прыемныя ўражанні.
Чалавек не чытаў з паперкі. Безумоўна, ён падрыхтаваўся, але недзе казаў экспромтам і ад душы.
У сваёй прамове ён скіроўваў нас да гісторыі: казаў пра I, II і III Рэч Паспалітую, нагадаў, што палякі будавалі гэтую дзяржаву разам з беларусамі, узгадаў паўстанне Кастуся Каліноўскага, змаганне беларусаў разам з палякамі за незалежнасць у 20-х гадах мінулага стагоддзя падчас “бальшавіцкай навалы”, сумеснае змаганне падчас Вялікай айчыннай, Другой сусветнай вайны і гэтак далей.
Што тычыцца спрэчак у сацсетках, дык беларуская дыяспара прадстаўлена там даволі шырока. Размовы пра тое, што выбіралі толькі лаяльных да Офіса Святланы Ціханоўскай, няма. Гэта не пацвярджаецца прысутнасцю тых людзей, якіх я бачыў.
Напрыклад, там былі кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе Андрэй Саннікаў, яго паплечніца, галоўная рэдактарка "Хартыі-97" Наталля Радзіна, у якіх не заўважалі нейкіх сімпатый да Офіса. Карацей, людзі былі вельмі розныя.
Калі казаць пра крыўды, з аднаго боку, я разумею статуснасць гэтага мерапрыемства і тое, што беларусы, якія займаюцца нечым важным, хочуць далучыцца да гэтай статуснасці. На сустрэчы з прэзідэнтам былі створаны добрыя магчымасці, каб абмеркаваць нейкія тэмы, агучыць свае ідэі, атрымаць новыя кантакты.
Было даволі шмат прадстаўнікоў польскага боку: журналісты, палітолагі, палітыкі… Я ведаю, што некаторыя беларусы ўзнялі там нейкія сапраўды важныя пытанні, а не проста так схадзілі на халяву выпіць віна і з’есці канапку.
Асабіста я дамовіўся на пяць эфіраў з абсалютна рознымі людзьмі. Таму падзея, безумоўна, важная, але гэта не азначае, што, каб абавязкова туды патрапіць, трэба арганізоўваць нейкія разборкі ці крывавыя гульні ў сацсетках — гэта абсалютнае глупства.
— Дык а канапкі былі смачныя?
— А канапак не было [смяецца]. Затое былі іншыя стравы: розныя заліўныя, рыба, пюрэ бульбяное. Усё — вельмі смачнае.