Улады засакрэцілі звесткі па фірме ўнука Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка-малодшы сярод сваякоў

Аляксандр Лукашэнка-малодшы сярод сваякоў

29 снежня 2025 года Аршанскі райвыканкам зарэгістраваў змены і дапаўненні для юрыдычнай асобы "Сезон упакоўкі". Але якія менавіта — даведацца немагчыма.

Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), які падпарадкоўваецца Міністэрству юстыцыі, адмовіўся даць журналістам "Бюро" актуальную інфармацыю пра фірму: "Праз тэхнічныя прычыны выпіска ў дачыненні да гэтага суб’екта не падаецца".

Журналісты накіравалі скаргу ў Міністэрства юстыцыі.

Такая сакрэтнасць вакол кампаніі "Сезон упакоўкі" хутчэй за ўсё звязаная з яе ўладальнікамі. Раней паведамлялася, што фірму ў чэрвені 2025-га зарэгістравала сяброўка сям’і Віктара Лукашэнкі "рыбная каралева" Людміла Няронская (80%) і яго сын Аляксандр Лукашэнка–малодшы (20%). Гэта першы выпадак, калі нехта з клана Лукашэнкі непасрэдна стаў уладальнікам бізнесу.

Раней журналісты "Бюро" заўважылі ўтойванне спісу рэзідэнтаў адмысловай эканамічнай зоны "Брэміна-Орша". Гэта адбылося ў той час, калі "Сезон упакоўкі" стаў рэзідэнтам АЭЗ.

Акрамя таго Савет міністраў засакрэціў як падатковую таямніцу бухгалтарскую справаздачнасць усіх камерцыйных прадпрыемстваў, звязаных з сынамі Аляксандра Лукашэнкі — Віктарам і Дзмітрыем. А АДР часткова схаваў даныя пра ўласнікаў фірмаў "Мак.бай" і Мінскай міжнароднай гімназіі, якая падпарадкоўваецца маці пазашлюбнага сына Лукашэнкі Мікалая — Ірыне Абельскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.