У Беларусі не навучыліся рэагаваць на залёты беспілотнікаў — Лукашэнка

Дрон, які зваліўся ў Мінску

Дрон, які зваліўся ў Мінску / Мінабароны

Беларусь акружаная вайсковымі падраздзяленнямі з усіх бакоў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 студзеня ў Мінску на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцінам Моластавым ды іншымі сілавікамі.

Паводле яго, крыху лягчэйшая сітуацыя толькі на мяжы з Расіяй. "Але я б не сказаў, асабліва ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне, калі невядома адкуль і незразумела адкуль могуць заляцець на тваю тэрыторыю беспілотнікі. Скажам шчыра, і мы не навучыліся яшчэ на 100% рэагаваць на гэтыя ўсе залёты і не навучыліся іх на 100% знішчаць. Не ведаю, ці магчымыя гэтыя 100%. Але да гэтага трэба нам імкнуцца", — перадае словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Звесткі пра залёты расійскіх беспілотнікаў у Беларусь з'яўляюцца ў СМІ рэгулярна. Найбольш часта такія паведамленні прыходзяць з Гомельскай вобласці, праз якую дроны ляцяць атакаваць Украіну.

Адзін з самых гучных выпадкаў здарыўся ў ліпені 2025 года. Тады беспілотнік уначы ўрэзаўся ў шматпавярховы дом у Фрунзенскім раёне Мінска, зваліўся на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў. Мінабароны прызнала факт падзення дрона толькі праз гадзіну пасля публікацыі ў недзяржаўных СМІ. Пазней Следчы камітэт заявіў, што дрон быў начынены тратылам і вялікай колькасцю паражальных элементаў, і пачаў крымінальную справу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.