Аднаго са стваральнікаў "Свету караблёў" асудзілі па "справе Гаюна"

Валянцін Толкач 

Валянцін Толкач  / фота з яго акаўнту на LinkedIn

За "палітыку" асудзілі геймдызайнера, які ствараў "Свет караблёў".

Валянцін Толкач нарадзіўся ў Мінску ў 1996 годзе. Ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ, дзе вывучаў гаспадарчае права, а потым у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве атрымаў ступень магістра па спецыяльнасці "Інтэлектуальная ўласнасць і новыя тэхналогіі".

Як піша "Наша Ніва", Толкач прадстаўляў інтарэсы Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці ў Вярхоўным судзе. Потым працаваў юрыстам у IT-кампаніі Brightum.​

Праз нейкі час ён перайшоў у IT-сферу, бо даўно захапляўся камп'ютарнымі гульнямі. Ад пачатку 2023-га працаваў геймдызайнерам у пецярбургскай студыі Lesta Games над папулярным праектам "Свет караблёў" (World of Warships). У ліпені 2024-га Толкач перайшоў у Gear Games, дзе займаўся развіццём мабільнай стратэгіі Art of War 3.

Увесну 2025-га яго затрымалі па "справе Гаюна" і абвінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК). Мінскі гарадскі суд прысудзіў яму тры гады калоніі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.