"Цяпер быць сабой пад забаронай". Трансдзяўчына — пра цкаванне ў Беларусі

Дыяна

Дыяна / Прыватны архіў

Шнары ад кайданкоў нагадваюць Дыяне пра здзекі ў мінскай міліцыі нават праз год.

27-гадовая трансдзяўчына эмігравала з хлопцам з Беларусі ў Францыю ў лютым 2025 года. Яна не планавала гэтага пераезду, але апошняе затрыманне стала "пунктам незвароту".

— Я зразумела, што ўжо ўсё. Там мяне пачалі канкрэтна зневажаць, была ў стане суіцыду, не ведала, што рабіць пасля гэтага вечара. І звярнулася ў ТГ-хаўс [профільная арганізацыя для дапамогі трансперсонам. — Еўрарадыё].

Мне дапамаглі арганізаваць трансфер, зрабілі візы мне і майму партнёру. І цяпер вось мы з'ехалі сюды ў бяспеку. Праходзім Дублінскую працэдуру, каб застацца ў Францыі.

Французы называюць мадэллю

Выбар з'ехаць менавіта ў Францыю Дыяна тлумачыць лепшым стаўленнем да правоў ЛГБТК-персон, а таксама тым, што там можна аформіць шлюб. Тут яна зможа замяніць дакументы, таму што яе беларускі пашпарт усё яшчэ на мужчынскае імя. Яшчэ тут і замяшчальная гарманальная тэрапія (ЗГТ), якую цяпер праходзіць дзяўчына.

— І Францыя нашмат больш талерантная за тую ж Літву. Нават калі мы 15 лютага прыехалі ў Вільню, на вакзале да мяне прысталі малалеткі. Гэта было абразліва і незразумела, хоць здавалася, што мы прыехалі ў Еўропу. Гэта непрыемна, але я ўжо прызвычаілася ў Беларусі. У Францыі я з гэтым не сутыкалася, наадварот, толькі кампліменты.

“Сейчас быть собой под запретом”. Трансдевушка — о травле в Беларуси

Нават незнаёмыя людзі на вуліцы да мяне падыходзілі знаёміцца і параўноўвалі мяне з мадэллю. Магчыма, з прычыны росту, таму што я высокая.

Францыя выйграе ў маім выпадку. Тут мне можна спакойна жыць і адчуць сябе чалавекам.

У Дыяны ёсць рызыка дэпартацыі ў першую краіну прыбыцця — Літву. Гэта можа адбыцца праз так званую Дублінскуюпрацэдуру. Калі да 10 лютага (калі скончыцца шасцімесячны тэрмін ад пачатку працэдуры) не будзе рашэння аб перанакіраванні справы ў Літву, то пара застанецца ў Францыі і пачне працэдуру атрымання статусу бежанцаў.

— Спачатку ў нас быў "арышт", гэта значыць трэба было чатыры месяцы адзначацца ў жандараў раз на тыдзень. А яшчэ мы прывязаныя да акругі па месцы жыхарства [Мёрт і Мозель, адміністрацыйны цэнтр у Нансі. — Еўрарадыё], і з яго нельга выязджаць. Я не магу паехаць у Парыж або ў Страсбург.

Пакуль пара чакае рашэння па "Дубліне", яны атрымліваюць дапамогу — 300 еўра на дваіх. Але неабходнасці ў вялікіх тратах у іх няма. Дыяна з партнёрам жывуць у невялікай камуне, паводле яе слоў, самае вясёлае — гэта прагулкі па горадзе ці ў палацы ў Люневіль.

Таксама ў дзяўчыны двойчы на тыдзень курсы французскай мовы. Праўда, яны больш аматарскія, бо ўжо тры месяцы вучні займаюцца лікамі.

— Я размаўляю з людзьмі, але анлайн. У горадзе часта карыстаюся перакладчыкам з тэлефона.

Як распавядае Дыяна, працаваць нельга будзе нават пасля падачы заявы на бежанства. Павінен прайсці інтэграцыйны курс, і толькі са статусам можна будзе пачаць нешта шукаць.

— Я ўжо думала манетызаваць TikTok, але гэта таксама лічыцца працай. Таму "грошай няма, але вы трымаецеся", як той казаў.

"Раней было больш вольна"

У Мінску Дыяна, як сама жартуе, была тусоўшчыцай, выступала на мерапрыемствах, многія з якіх ужо не праводзяцца. У цэлым вечарынкі ў Мінску сышлі ў падполле. Калі і праводзяцца, то пад найстрогім шыфрам.

Калі дзяўчына захацела ўладкавацца на працу, напрыклад, адміністратаркай у салон прыгажосці або афіцыянткай, то ёй адмовілі праз пашпарт, дзе ў Дыяны мужчынскае імя. 

“Сейчас быть собой под запретом”. Трансдевушка — о травле в Беларуси

Разам з гэтым, паводле яе назіранняў, пасля 2020 года ў Мінску змянілася і стаўленне да трансперсон.

— Па-першае, адэкватныя людзі альбо сядзяць, альбо з'ехалі. Тое ж самае тычыцца і мянтоў. Раней, да 2020 года, мянты былі нармальныя. То бок у мяне не было ніколі з імі ніякіх канфліктаў, сутычак. А вось пасля 2020-га ўсё стала дрэнна: на ЛГБТ пачалося ганенне, пачалі закрываць і секс-работніц, і маіх знаёмых. І проста да гей-персон, трансперсон таксама прыходзілі. Некаторых спрабавалі вербаваць. Мяне таксама, каб я здавала кагосьці. Але я ўвесь час аднеквалася, таму што я, у прынцыпе, не магу сказаць, што вельмі таварыская сярод ЛГБТ, у мяне няма прам сябровак ці сяброў, можа парачка. Я больш кансерватыўнага мыслення.

Цікавасць органаў да Дыяны спачатку праяўлялася званкамі. Яе запрашалі на "прафілактычныя гутаркі", дзе дапытвалі пра ЛГБТ, пра тое, што адбываецца ў Мінску.

— І ўсяляк падбівалі мяне да супрацоўніцтва. Я нібыта згаджалася, але па факце ім нічога не казала. У мяне і інфармацыі не было, і я не "пацук", каб кагосьці здаваць. Як толькі разумелі, што са мной кашы не зварыш, адпускалі.

“Сейчас быть собой под запретом”. Трансдевушка — о травле в Беларуси
Раны і сінякі ў Дыяны пасля затрымання

Яшчэ праз некалькі месяцаў Дыяну затрымалі на вуліцы. "Спачатку міліцыянты паводзіліся паважліва, аднак пасля таго як убачылі, што пашпарт Дыяны выдадзены на мужчынскую гендарную ідэнтычнасць, пачалі высмейваць і здзекавацца з яе", гаворыцца ў яе заяве.

Дыяну заламалі, на яе надзелі кайданкі і даставілі ў міліцыю.

"[...] Пасля дастаўлення ў раённае ўпраўленне ўнутраных спраў Дыяну прыкавалі да крэсла ў калідоры, дзе цягам 3-4 гадзін яна чакала. [...] Прыкладна а 3-й гадзіне ўночы Дыяну перавялі ў падвальнае памяшканне, дзе знаходзілася каля 6–8 супрацоўнікаў, якія акружылі яе. Дыяна была ў кайданках, нахіленая галавой наперад. Супрацоўнікі рэзка пачалі яе абражаць у грубай форме, цягаць за валасы па падлозе, пляваць у яе. Дыяна знаходзілася на каленях, калі супрацоўнікі плявалі ў яе".

Дыяна лічыць, што такая пільная ўвага да ЛГБТ з боку сілавікоў у Беларусі пачалася па прыкладзе з Расіі, дзе ў 2023 годзе пачалі пераследаваць любыя згадкі ЛГБТ пад падставай "прапаганды". Падобныя законы, якія ўводзяць адказнасць за "прапаганду" ЛГБТ, пачалі з'яўляцца ў Беларусі ў апошнія гады.

Да 2020 года Дыяна не назірала такога "ганення".

— У клубы не забаранялі хадзіць, а цяпер ужо ўсё. Я хацела ў многія клубы схадзіць, але мне забаранялі, таму што "трансам нельга". На маю думку, гэта ўсё адтуль з Расіі. Раней было больш вольна.

Калі раней трансперсон запрашалі на вечарынкі, і існавалі гей-клубы, то гэта кажа пра многае. Цяпер гэтага ўжо няма, і наўрад ці будзе ў найбліжэйшай будучыні.

Цяпер у прынцыпе быць сабой пад забаронай.

"Арыентацыя — гэта не тая рэч, якую можаш як пальчаткі мяняць"

Пераход Дыяны пачаўся, калі ёй было 14-15 гадоў. Спачатку ў андрагінным стылі, потым больш у жаночы.

— Гэта быў арганічны пераход, таму да мяне нармальна паставіліся блізкія. У школе ніхто не дражніў, з сям'ёй у мяне добрыя адносіны, акрамя маці. З сябрамі таксама. Потым я паехала ў Маскву і зрабіла грудзі. Пасля гэтага была поўная фемінізацыя. Ніхто нічога не казаў. Ды і на вуліцах пальцам не тыкалі. Калі ты выглядаеш і паводзіш сябе добра, то ніхто нічога і не скажа.

“Сейчас быть собой под запретом”. Трансдевушка — о травле в Беларуси

Я ведаю многіх з транссупольнасці людзей, якія агідна сябе паводзяць, хоць вонкава нармальна выглядаюць. Гэтым самым яны ствараюць клішэ і цэтлікі для ўсіх трансперсон. Але канкрэтна маё трансжыццё праходзіць гладка.

Дыяна ўзгадвае толькі адзін эпізод, калі ў 15 гадоў ад яе адраклася маці, стаўшы на бок айчыма, і выгнала з хаты.

— Але гэта ўжо забытае і старое. Тым не менш да мяне выдатна ставяцца бабуля, дзядуля, цётка, дзядзька — усе сваякі, нават прабабулі і прадзеды. Для іх я Дыяна, і няма ніякіх зняваг на мой адрас.

— А як ты вырашылася на пераход?

— Гэта так не працуе. Нельга вырашыцца быць трансам, геем, лесбіянкай. Гэта даецца ад нараджэння. Ты проста ідзеш да сваёй мэты. А калі слабы характарам, то душыш гэта ў сабе. Але рана ці позна яно будзе вырывацца вонкі. Арыентацыя — гэта не тая рэч, якую можаш як пальчаткі мяняць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.