Айцішніка з "Варгеймінга" асудзілі за "палітыку" па цяжкіх артыкулах
Глеб Рыбчанка / фота з яго старонкі "Вконтакте"
Па васьмі цяжкіх артыкулах, у тым ліку "расстрэльным", у Гродне асудзілі 31-гадовага айцішніка Глеба Рыбчанку.
Як піша "Наша Ніва", мінімум са студзеня 2020 года хлопец працаваў у ААТ "Леста" — расійскім падраздзяленні кампаніі "Варгеймінг". Па-за працай Глеб з'яўляецца аматарам відэагульняў. У беларускіх чатах ён заўжды перапісваўся на роднай мове.
Імя Рыбчанкі ёсць у злітай базе чорнага спіса Цэнтрабанка Расіі. Яму адмовілі ў грашовым пераводзе з фармулёўкай "аперацыя здзяйсняецца ў мэтах фінансавання тэрарызму". Таксама Рыбчанка ўнесены ў расійскую базу "Апазіцыянеры", створаную расійскімі сілавікамі для маніторынгу нязгодных з вайной і актывістаў.
Сярод абвінавачанняў, якія выставілі Рыбчанку, фігуруюць "удзел у тэрарыстычнай арганізацыі", "падрыхтоўка да здзяйснення тэрарыстычнага акту арганізаванай групай або ў выніку якога загінуў чалавек" і "падрыхтоўка да прывядзення ў нягоднасць шляхоў зносінаў ці транспартнага сродку".
Які прысуд вынеслі хлопцу — невядома.