Расійскі генерал хваліўся жонцы адрэзанымі ва ўкраінцаў вушамі
Генерал Дземурчыеў на працоўным месцы / фота з яго архіву
Расійскі генерал-маёр Раман Дземурчыеў хваліўся родным і калегам катаваннямі, пакараннямі смерцю і здзекамі над целамі ўкраінскіх вайскоўцаў. Гэта даведаліся журналісты-расследвальнікі з яго перапіскі ў 2022-2024 гадах, перадае Радыё Свабода. Журналісты здолелі пацвердзіць сапраўднасць перапіскі, якая трапіла ім у рукі.
Паводле іх, расійскае вайсковае камандаванне не проста ведае пра зверствы на ўкраінскім фронце, але і заахвочвае іх. Пра гэта сведчаць шматлікія апісанні, фота і відэа зверстваў.
"Я людзей расстрэльваў, да прыкладу. У вока яму вока страляю — у яго з патыліцы трасер вылятае. Я разумею, што ён вораг, так, ён г...н", — так піша пра свае дзеянні генерал-маёр Дземурчыеў, які цяпер з'яўляецца намеснікам камандуючага 20-й агульнавайсковай арміі Расіі.
Дземурчыеву 49 гадоў. Званне генерал-маёра Пуцін надаў яму ў 2023 годзе. Яго перапіску журналістам перадала крыніца з украінскага боку. Дземурчыеў не дзеліцца ў ёй ваеннымі сакрэтамі, але сваё прыватнае (як ён лічыць) жыццё не хавае.
Так, 18 кастрычніка 2022 года ён напісаў адразу некалькім знаёмым, што пасля трохдзённага штурму ўзяў апорны пункт. Пры гэтым у палон трапілі чацвёра ўкраінцаў. Да гэтага паведамлення расійскі генерал дадаў фота, на якім былі адрэзаныя і счарнелыя чалавечыя вушы, падвешаныя на металічную трубу.
Дарэчы, адну з такіх фатаграфій з вушамі Дземурчыеў даслаў сваёй жонцы Аляксандры. Далейшая перапіска паміж імі выглядала так:
— А потым што з імі рабіць?
— Збяру гірлянду і падару.
— Як свіныя вушы да піва.
— Ага.
Не ўдакладняецца, з жывых ці мёртвых украінцаў былі зрэзаныя вушы.
Сам Дземурчыеў адказаў на званок журналістаў, але пасля пытання пра абыходжанне з ваеннапалоннымі кінуў слухаўку.