Макс Корж выпусціў кліп па матывах скандальнага канцэрта ў Варшаве
Кадр з кліпа / кліп Макса Каржа
Макс Корж апублікаваў відэакліп па матывах свайго скандальнага выступу на варшаўскім стадыёне 9 жніўня. Тады на канцэрт прыехала каля 80 000 чалавек з усёй постсавецкай прасторы. Выступ скончыўся затрыманнямі гледачоў і гучным скандалам у Польшчы, некалькі дзясяткаў чалавек былі дэпартаваныя з краіны.
У роліку выкарыстаныя навінавыя ўстаўкі пра беспарадкі, падчас якіх паліцыя затрымала больш за сто чалавек, у тым ліку шасцярых беларусаў. У кліпе кадры сутыкненняў з аховай і затрыманняў спалучаюцца з маналогамі Макса Каржа пра вайну, каштоўнасць жыцця, сілу еднасці, адзначае "Наша Ніва".
"Жыццё — ніхто не ведае, што яно нам падрыхтавала. Але ў адным я ўпэўнены дакладна: гэты "стадык" аддзяляе нас ад жывёльнага свету. Свету, у якім з нас робяць лічбы і рабоў. Рабіце варушняк, хлопцы", — заяўляе артыст.
Ён заклікае спыніць вайну, берагчы адзін аднаго, нягледзячы на межы і культурныя адрозненні: "Ніхто не нараджаецца на гэтай зямлі, каб быць забітым. Ніхто! Ніводзін бацька не выхоўвае сына, каб аддаць яго на пагібель. Кожны бацька ўкладвае ў дзіця максімум таго, чаго не змог зрабіць сам".