Просім Еўропу быць "дрэнным паліцыянтам" для рэжыму — Ціханоўская
Святлана Ціханоўская падчас інтэрв'ю / Politico
Дэмакратычныя сілы Беларусі просяць Еўрасаюз не капіяваць палітыку Трампа і выконваць ролю "дрэннага паліцыянта" для рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта Святлана Ціханоўская расказала ў інтэрв'ю Politico падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
Ціханоўская адзначыла поспех палітыкі Дональда Трампа ў вызваленні беларускіх палітвязняў: "Для нас важна, што прэзідэнт Трамп публічна патрабаваў вызвалення палітычных закладнікаў. Значыць, ён зацікаўлены ў гісторыі поспеху Беларусі. Таму давайце не будзем псаваць гэты працэс".
Пры гэтым яна падкрэсліла, што Лукашэнка менавіта "прадае" палітвязняў, а не выпускае іх з меркаванняў гуманнасці. Больш за тое — рэпрэсіі не спыняюцца, і на месца вызваленых палітвязняў садзяць новых.
"І каб спыніць гэта, нам патрэбныя незваротныя сістэмныя змены ў Беларусі", — кажа Ціханоўская. Падставай для такіх сістэмных зменаў яна бачыць санкцыі з боку Еўрасаюза. Паводле яе, амерыканскія санкцыі патрэбныя для вызвалення людзей, а еўрапейскія — для вызвалення краіны.
"Мы просім Еўропу не капіраваць палітыку прэзідэнта Трампа. /.../ Звычайна ў нашай гісторыі Еўропа заўсёды была "добрым паліцыянтам", а Амерыка — "дрэнным паліцыянтам" праз Акт аб дэмакратыі ў Беларусі і вялікую колькасць санкцыяў. Цяпер ролі памяняліся", — адзначае яна.