На беларускую эканоміку цісне прэс з Усходу і з Захаду — Лукашэнка
Лукашэнка падводзіць вынікі 2025 года ў эканоміцы / прэс-служба Лукашэнкі
Беларуская эканоміка сутыкаецца з "найсур'ёзным прэсам" і з Усходу, і з Захаду. Пра гэта заявіў Лукашэнка, калі заслухоўваў справаздачу ўрада аб працы эканомікі ў 2025 годзе.
"Усе вы разумееце, я таксама, мы знаходзімся ў вельмі складанай, прынамсі няпростай, сітуацыі. І з Усходу, і з Захаду пад найсур'ёзным прэсам. Я кажу пра эканоміку. Хоць і палітыка яна і ёсць выраз эканомікі ў канцэнтраваным выглядзе, як казалі класікі", — перадае словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Таксама ён падкрэсліў, што час для эканомікі зараз амаль ваенны.
Пасля гэтага пачаў пералічваць правалы. Лукашэнка заявіў пра спад у прамысловасці: у другім паўгоддзі 2025-га яна спрацавала з вынікам 98,2% да папярэдняга года.
"Студзень 2026 г. — яшчэ мінус 3,4 адсотка. У складанай сітуацыі знаходзіцца палова апрацоўчай прамысловасці. На ключавым расійскім рынку толькі Мінпрам не дабраў летась 1 мільярд долараў. Усе яго прадпрыемствы ў чырвонай зоне", — адзначыў Лукашэнка.
Сельскую гаспадарку пахваліў: сельгасарганізацыі паказалі 102,7%, экспарт прадуктаў харчавання паставіў рэкорд у 10 мільярдаў долараў. Пры гэтым, як прызнаўся Лукашэнка, за год у краіне загінула 145 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы.
Экспарт беларускіх тавараў амаль увесь 2025 год быў горшы за папярэдні. З "мінуса" атрымалася выбрацца толькі ў лістападзе-снежні. "І, здавалася б, можна ганарыцца вынікам — выканалі экспартны план пяцігодкі. Вось толькі заданні па экспарце канкрэтных тавараў, якія вы самі ж сабе вызначаеце, летась не выкананыя нават напалову", — папракнуў ён.