Лукашэнка незадаволены беларусамі, якія абурыліся адключэннем ліхтароў

Цёмныя вуліцы Мінска

Цёмныя вуліцы Мінска / фота з сацсетак

Лукашэнка выказаўся наконт беларусаў, незадаволеных адключэннем вулічнага асвятлення ў цёмны час сутак. Ён заявіў, што ў маштабах краіны гэта "дае значную эканомію" грошай.

Гэтую эканомію за год ён параўнаў з выдаткамі на павышэнне пенсій па ўсёй краіне ці будаўніцтва трох малочна-таварных комплексаў.

Паводле Лукашэнкі, у Мінску старшыня гарвыканкама Уладзімір Кухараў скараціў працу вулічных ліхтароў на 10-15 хвілінаў: "Кухараў на 15 хвілін або на 10 нават святло выключыў раней — божа мой, з Украінай параўналі".

Насамрэч, вулічнае асвятленне ў Мінску не выключылі, а ўключылі пазней — праз гадзіну пасля заходу сонца. У выніку людзі вярталіся з працы ў час пік у цемры. У тым ліку не працавалі ліхтары каля пешаходных пераходаў і г.д. Пасля абурэння мінчукоў улады заявілі, што гэта была "разавая акцыя", і святло ўключылі ў звычайны час.

Тым не менш Лукашэнка настойвае на сваёй ідэі, што ў вялікіх гарадах дастаткова іншых крыніц асвятлення, акрамя вулічных ліхтароў. Праўда, цяпер ён прапанаваў "яшчэ раз прааналізаваць сітуацыю".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.