У жыхароў пасёлка на Міншчыне ў маразы ў дамах было не больш за +11
Батарэя, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА
Жыхары пасёлка Мар'іна ў Пухавіцкім раёне паскардзіліся ў TikTok на халодныя батарэі дома. Падчас студзеньскіх маразоў у іх кватэрах было халодна.
Паведамляецца, што ролік заўважылі ў пракуратуры. Работнікі ведамства выехалі на месца. Аказалася, што ў дамах, інтэрнаце, а таксама ў кабінетах і аўдыторыях мясцовага каледжа напраўду было толькі 10-11 градусаў цяпла. Гэтыя паказчыкі значна ніжэйшыя за сацыяльныя нарматывы, вызначаныя заканадаўствам.
У жылых памяшканнях тэмпература ў ацяпляльны перыяд павінна быць у дыяпазоне +18...+24 градусы, а ва ўстановах адукацыі – ад 17 да 20 градусаў цяпла.
Жыхары пасёлка і супрацоўнікі каледжа пацвердзілі, што такая нізкая тэмпература ў памяшканнях захоўвалася некалькі дзён, пры тым што на дварэ гэтым часам было да 20 градусаў марозу. Звароты ў службу 115 і жыллёва-камунальнае прадпрыемства праблему не вырашылі. Прычынай парушэнняў назвалі няспраўнасць ацяпляльнага катла камунальнай гаспадаркі раёна.
Паведамляецца, што пракурор вынес прадпісанне дырэктару жыллёва-камунальнага прадпрыемства неадкладна адрамантаваць сістэму ацяплення ў пасёлку Мар'іна і забяспечыць нарматыўны тэмпературны рэжым. Жыхарам пасёлка пераразлічаць плату за камуналку.
Як заяўляюць у пракуратуры, патрабаванні акта нагляду выкананыя ў поўным аб'ёме.