Платай за сустрэчу з бацькам у калоніі было інтэрв'ю Пратасевічу — Калеснікава
Марыя Калеснікава з бацькам у калоніі
Марыі Калеснікавай у калоніі дазволілі сустрэцца з бацькам толькі ў абмен на прапагандысцкае інтэрв'ю для Рамана Пратасевіча. Пра гэта экс-палітзняволеная расказала ў інтэрв'ю расійскаму журналісту Юрыю Дудзю.
"Ён прыйшоў з тым, каб узяць інтэрв'ю, і тут жа кажа, што тата знаходзіцца таксама на тэрыторыі калоніі. Я кажу: "Я правільна разумею, што умовай маіх зносін з татам стане інтэрв'ю?" Ён кажа:"Ну, так". Я кажу: "Ну, тады давайце з татам мы спачатку пагутарым, а потым ужо будзе інтэрв'ю", — падзялілася падрабязнасцямі Калеснікава.
Былы рэдактар Nexta Раман Пратасевіч пасля свайго затрымання стаў супрацоўнічаць з беларускай прапагандай. Ён ездзіў у папраўчыя калоніі і сустракаўся са знакавымі палітвязнямі — напрыклад, з Віктарам Бабарыкам. Інтэрв'ю Калеснікавай дзяржпрапаганда пакуль не публікавала.
Марыю Калеснікаву вызвалілі з шэрагам іншых палітвязняў 13 снежня 2025-га пасля пяці гадоў зняволення. У лістападзе 2022-га ў яе ў калоніі быў прыступ перытаніту, пасля якога яе тэрмінова шпіталізавалі. Сувязі з ёй не было, толькі 5 снежня да Калеснікавай пусцілі бацьку. У лютым 2023-га сям'я атрымала ад яе апошні ліст, пасля чаго кантактаў з ёй не было да дня вызвалення.