Мазырскі НПЗ застаўся стратным нягледзячы на продаж паліва ў Расію
Мазырскі НПЗ / mnpz.by
Мазырскі раён застаецца стратным 23 месяцы запар. Пра гэта сведчыць снежаньскі зборнік Гомельскага абласнога статыстычнага камітэта, які прааналізавала выданне "Флагшток".
Асноўныя эканамічныя паказчыкі раёна амаль цалкам фармуюцца Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам.
Як сведчыць статыстыка, ад пачатку года страты раёна нарасталі і дасягнулі максімуму ў траўні: Мазыршчына была "ў мінусе" на 757,8 млн рублёў. Потым паступова пачалося скарачэнне стратаў. Да верасня яны зменшыліся да 649,9 млн рублёў, у кастрычніку — да 518,4 млн, а да лістапада — да 323,8 млн рублёў.
Гендырэктар завода Віталь Паўлаяў хваліцца завяршэннем мадэрнізацыі прадпрыемства. Увод комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў дазволіў давесці глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%.
Аднак незалежныя аналітыкі называюць асноўным фактарам паліўны дэфіцыт у Расіі ўвосень 2025 года, які ўзнік пасля серыі ўкраінскіх атак па нафтаперапрацоўчым комплексе РФ. У верасні пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію выраслі ў чатыры разы, а ў кастрычніку таргі беларускім палівам на расійскай біржы павялічыліся ў 47 разоў.
Акрамя Мазырскага раёна ёсць яшчэ адзін, які цягне Гомельшчыну ўніз па эканамічных паказчыках — Жлобінскі. Яго страты за 11 месяцаў 2025 года склалі 136,7 млн рублёў. У Жлобіне размяшчаецца Беларускі металургічны завод, які трапіў пад міжнародныя санкцыі.
Сукупная страта двух раёнаў перавышае 460 млн рублёў і фактычна "з'ядае" фінансавы поспех большасці астатніх раёнаў Гомельшчыны.