Ніякіх спробаў палепшыць адносіны з Мінскам няма — спікер Сейма Літвы

Юозас Олекас

Юозас Олекас / LRT

Літва не робіць ніякіх спробаў палепшыць стасункі з афіцыйным Мінскам, а чакае агульнаеўрапейскіх рашэнняў па санкцыях. Пра гэта заявіў спікер літоўскага Сейма Юозас Олекас.

"Ніякіх новых ініцыятыў няма. У нас ёсць пэўныя праблемы ў адносінах з Беларуссю: метэаралагічныя зонды, якія парушаюць працу грамадзянскай авіяцыі, а таксама пытанні па транспартных сродках. Па гэтых прычынах мы стараемся працаваць з саюзнікамі і партнёрамі, каб вырашыць гэтыя праблемы",перадае LRT словы кіраўніка літоўскага парламента.

На яго думку, падаўжаць санкцыі неабходна, бо большая частка палітвязняў па-ранейшаму знаходзіцца ў беларускіх турмах, і прагрэсу ніякага няма.

"Беларусь дастаткова моцна інтэгравалася з Расіяй, захоўваецца пагроза праз дзеянні супраць Украіны. Мы ўзмацняем падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі", — заявіў палітык. Так ён пракаментаваў меркаванне лідара апазіцыйных дэмакратаў Саўлюса Сквярняліса, што пасля пераезду Ціханоўскай з Вільні ў Варшаву кіруючыя колы Літвы пачнуць паляпшаць стасункі з рэжымам Лукашэнкі.

"Святлана Ціханоўская была ў мяне ў кабінеце, мы сустракаемся. Каб Офіс быў перанесены, гаворкі не было. Офіс у Вільні працуе. Спадарыня Святлана ў сілу тых ці іншых абставінаў — верагодна, пра іх будзе сказана пазней — падумвае пра пераезд у Варшаву, але ў Вільні Офіс застаецца дзейным. Лічу, што выказванні Саўлюса Сквярняліса не адпавядаюць рэчаіснасці", — дадаў Олекас.

Раней паведамлялася, што Офіс Ціханоўскай захавае дыпламатычную акрэдытацыю ў Вільні і там застанецца частка супрацоўнікаў. Аднак сама лідарка дэмсілаў і частка яе офіса пераедуць у Варшаву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.