Польскі банк прызнаў часовае пасведчанне замежніка для рахунку

Банк Millennium

Банк Millennium / DigitalMammoth / Shutterstock

Польскі банк Millennium з 30 снежня 2025 года прызнаў часовае пасведчанне асобы замежніка ў якасці дакумента, што пацвярджае асобу.

Гэта азначае, што беларусы, якія падаліся на міжнародную абарону ў Польшчы, пры паказе "зялёнай кніжачкі" могуць "карыстацца банкаўскімі рахункамі ў аб’ёме, прадугледжаным пры заключэнні дамовы, уключаючы каналы электроннага банкінгу". Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (KNF) на ліст намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі.

Пасля ўвядзення 19-га пакета санкцый ЕС у беларусаў, якія не маюць дзейснага віду на жыхарства ў краінах ЕС і Швейцарыі, пачаліся праблемы з доступам да рахункаў. Шмат якія банкі і плацежныя сэрвісы сталі блакаваць доступ да рахункаў. У Польшчы банкі паведамлялі кліентам, што ім будзе абмежаваны доступ да рахункаў, у тым ліку да электронных разлікаў.

19 лістапада 2025 года Латушка звярнуўся ў Камісію фінансавага нагляду Польшчы з паведамленнем, што беларусы сутыкаюцца з праблемамі ў гэтай сферы. У якасці прыкладу ён апісаў канкрэтны выпадак: грамадзяніну Беларусі, у якога скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта і які мае на руках часовае пасведчанне асобы замежніка, было адмоўлена ў прадаўжэнні працы рахунку ў банку Millennium.

Камісія фінансавага нагляду Польшчы паведаміла, што з банкам правялі абмеркаванне і сітуацыя выпраўленая.

Латушка ў лісце таксама прасіў не блакаваць рахункі беларусаў, чые пашпарты страцілі сілу, да моманту атрымання гэтымі грамадзянамі рашэння аб наданні або адмове ў дазволе на жыхарства. У адказ Камісія заявіла, што цяпер адбываецца прававы аналіз і кансультацыі з Міністэрствам унутраных спраў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.