Нямецкі банк заблакаваў рахунак Марыі Калеснікавай, пакуль яна была ў калоніі

Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава / facebook.com/maria.kalesnikava

Нямецкі банк заблакаваў рахунак Марыі Калеснікавай, пакуль яна адбывала пакаранне ў беларускай калоніі. Пра гэта экс-палітзняволеная расказала ўвечары 28 студзеня на нямецкім тэлеканале ARD, заўважыла "Зеркало".

Рахунак быў заблакаваны ў выніку санкцый, уведзеных супраць афіцыйнага Мінска пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. Гэты выпадак Калеснікава назвала "даволі пацешнай гісторыяй".

"У мяне быў рахунак у Commerzbank 17 гадоў. Калі я была ў калоніі, натуральна, я не магла ім кіраваць. І ў нейкі момант яго заблакавалі. Цяпер мой рахунак заблакаваны, і ў мяне няма доступу да яго праз санкцыі супраць Беларусі. Я таксама з Беларусі, і гэта закранае і мяне, хоць я цяпер у Германіі са сваім рахункам, які быў адкрыты 17 гадоў таму. І я пакуль нічога не магу з гэтым зрабіць", — паведаміла яна падрабязнасці.

Некаторыя банкі і плацежныя сэрвісы ў краінах ЕС пасля ўвядзення 19-га пакета санкцый пачалі блакаваць карткі і рахункі расіян і беларусаў, якія не маюць віду на жыхарства ў краінах Еўрапейскай эканамічнай зоны і Швейцарыі.

Калеснікава ў сваім выступе падкрэсліла, што ўведзеныя супраць Беларусі санкцыі закранаюць не Аляксандра Лукашэнку, а простых людзей. Яна расказала, напрыклад, што беларусам становіцца цяжка атрымаць візы для выезду ў Еўрасаюз.

"Гэта вельмі дрэнна. Гэта не ўплывае на Лукашэнку. У яго ёсць свой самалёт, і ён проста ўсюды, куды хоча, за межамі ЕС, і гэта ўплывае на звычайных людзей", — адзначыла Калеснікава.

Яна заклікала Еўрасаюз "пачаць дыпламатычную ініцыятыву" з рэжымам Лукашэнкі для вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій, а таксама вываду Беларусі з ізаляцыі.

Гаворачы пра свае далейшыя планы, экс-палітзняволеная сказала, што мае намер застацца ў Берліне і ў яе "ўжо ёсць некалькі ідэй аб тым, чым заняцца". Паводле Калеснікавай, гэта будуць культурніцкія праекты.

"І, вядома, цяпер я буду часцей і гучней казаць аб праблемах, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Беларусі і ў ЕС. Гэта вельмі важна для мяне", — дадала яна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.