Вінаградаў расказаў, як яго вербавалі ў калоніі і прапаноўвалі медыяпраект
Павел Вінаградаў / Еўрарадыё
Экс-палітвязень Павел Вінаградаў расказаў, як яго ў калоніі спрабавалі завербаваць у КДБ.
Паводле яго словаў, гэта адбылося 2 красавіка 2024 года. Вярбоўшчык паказаў пасведчанне на імя маёра Бекіша з упраўлення КДБ па Гродне.
Спярша Вінаградаву прапанавалі быць сведкам у расследаванні справы праваабарончай ініцыятывы Dissident.by6 у яго пыталіся пра дзейнасць Вячаслава і Марыны Касінеравых. Вінаградаў перадае дыялог і свае ўражанні ад яго:
— Вам вядома што-небудзь пра іх дзейнасць?
— Слухайце, такая прапанова: давайце мы зараз з вамі разам, пзатэлефануем гэтаму самому Вячаславу Касінераву, і вы яго дапытаеце.
— Думаю, што ён адмовіцца ўдзельнічаць.
— Ну чаму ж? Мы знаёмыя. У нас з ім добрыя адносіны. Я яго папрашу адказаць на вашы пытанні і ён, я ўпэўнены, пагодзіцца з вамі пагаварыць па відэасувязі.
Калі б сеанс допыту па вебцы адбыўся, упэўнены, што гэта было б нешта эпічнае, але маер не натхніўся.
Потым маёр КДБ стаў прыводзіць яму ў прыклад Рамана Пратасевіча і прапанаваў Вінаградаву таксама ўзначаліць які-небудзь прапагандысцкі медыяпраект.
— А вы Рамана Пратасевіча ведаеце?
— Ну так, знаёмы.
— Цяпер на волі. Усё ў яго добра. Працуе. Што думаеце з нагоды яго?
— Памыліўся хлопец. Хай робіць, што хоча.
— Паслухайце, а вы не хацелі б гэтак жа? Прызнайце віну, напішыце прашэнне аб памілаванні, а мы вам, скажам... Ну, па профілі, так бы мовіць, зробім вас дырэктарам свайго медыяпраекта і будзеце прасоўваць дзяржаўны парадак дня ў масы.
— (Пасміхаюся) Увогуле не па адрасе. Я ў вас тут кашу яшчэ не ўсю з'еў. Але я разумею, што вы павінны былі паспрабаваць.
Павел Вінаградаў выйшаў з-за кратаў 11 верасня 2025 года разам з іншымі палітвязнямі. Усіх іх дэпартавалі ў Літву. Гэта адбылося паводле дамовы адміністрацыі ЗША з рэжымам Лукашэнкі.