Ва Украіне просяць абмяняць затрыманую шпіёнку на журналіста Дзяніса Івашына

Дзяніс Івашын падчас суда

Дзяніс Івашын падчас суда

Украінскія журналісты просяць абмяняць Іну Кардаш, затрыманую ў Кіеве па падазрэнні ў працы на КДБ Беларусі, на супрацоўніка беларускай рэдакцыі InformNapalm Дзяніса Івашына.

Журналіст асуджаны на 13 гадоў зняволення за публікацыі пра былых украінскіх спецназаўцаў з атрада "Беркут", якія знайшлі працу ў беларускай міліцыі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Івашын знаходзіцца за кратамі з 12 сакавіка 2021 года. Ён не агент спецслужбаў, а OSINT-расследавальнік. Аднак гэта не перашкодзіла беларускім уладам абвінаваціць яго ў супрацы з украінскай разведкай.

Іна Кардаш была затрыманая за шпіянаж на карысць Беларусі. У СБУ сцвярджаюць, што КДБ завербаваў яе яшчэ ў 2015 годзе. Ведамства апублікавала запісы яе размоваў з куратарам: з іх вынікае, што ў 2020-м жанчыну перакінулі ва Украіну, дзе яна ўладкавалася журналісткай.

Пад гэтым прыкрыццём Кардаш збірала інфармацыю аб прадстаўніках беларускай дыяспары, а пазней — пра ўкраінскія вайсковыя падраздзяленні. Таксама яна спрабавала вербаваць украінскіх вайскоўцаў для працы на беларускую спецслужбу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.