Расія датэрмінова здымае забарону на экспарт бензіну

Запраўка, ілюстрацыйнае фота

Запраўка, ілюстрацыйнае фота

У беларускіх НПЗ наперадзе няпростыя часы. Расійскае Мінэнерга ўнесла пастанову аб датэрміновым зняцці забароны на экспарт бензіну, заўважыла выданне "Беларусы і рынак".

Гэта значыць, што беларуская прадукцыя больш не патрабуецца на ўнутраным расійскім рынку. А на знешнім рынку беларускаму паліву зноў давядзецца канкураваць з расійскімі пастаўшчыкамі.

Экспарт бензіну і дызпаліва для ўсіх удзельнікаў рынку расійскі ўрад забараніў у верасні 2025 года. Гэта адбылося пасля шэрагу ўкраінскіх удараў па расійскім нафтаперапрацоўчым комплексе. Крэмль імкнуўся прадухіліць дэфіцыт і рост коштаў на ўнутраным рынку РФ. На фоне гэтага ў Расіі абмяркоўвалі павелічэнне закупак беларускага бензіну і дызпаліва.

У кастрычніку экспарт дызпаліва дазволілі для НПЗ. У снежні расійскі ўрад падоўжыў абмежаванні на экспарт бензіну і дызпаліва да канца лютага, хаця праблем з палівам ужо не было — у тым ліку дзякуючы пастаўкам з Беларусі. Такое рашэнне было прынятае таму, што рэгулятары асцерагаліся магчымага дэфіцыту і хацелі падстрахавацца на выпадак пазапланавых прыпынкаў НПЗ.

Цяпер, як выглядае, такіх асцярог больш няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.