Выпадкаў завозу віруса Ніпах у Беларусі не выяўлена — Мінздароўя

Доктар, ілюстрацыйнае фота

Доктар, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі на цяперашні час не выявілі выпадкаў завозу захворвання, выкліканага вірусам Ніпах, паведамляе прэс-служба Мінздароўя.

Успышка захворвання зарэгістраваная ў Індыі. У Мінздароўя кажуць, што сочаць за сітуацыяй. Беларусаў супакойваюць тым, што рызыка распаўсюду віруса Ніпах на тэрыторыі нашай краіны мінімальная — з улікам біялагічных уласцівасцяў віруса і эндэмічнага характару захворвання. Акрамя таго, ў Беларусі няма трапічных кажаноў-крыланаў, якія разносяць гэты вірус.

У Мінздароўя падкрэсліваюць, што ў Беларусі ёсць магчымасць лабараторнага выяўлення віруса Ніпах з мэтай пастаноўкі дыягназу захворвання.

СААЗ класіфікуе вірус Ніпах як патаген высокай рызыкі з эпідэмічным патэнцыялам, г.зн. тых, якія прыводзяць да ўспышак. Хвароба, выкліканая гэтым вірусам, выяўляецца ў людзей па-рознаму — ад бессімптомнага стану да цяжкіх вострых станаў, якія хутка развіваюцца.

Назва віруса паходзіць ад вёскі Ніпах ў Малайзіі, дзе вірусам заразіліся свінаводы ў 1998-1999 гадах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.