“Мы замярзаем, як у 40-х, толькі павольней”: як Кіеў выжывае ў блэкаўце
“Мы апускаемся ў блэкаўт, толькі не так хутка, як гэта было ў 40-х, калі людзі палілі ў печы мэбляй і кнігамі” / Euroradio
“Мы замярзаем, як у 40-х, толькі павольней”, — кажа журналістцы Еўрарадыё наша калега з украінскага выдання Hromadske.
Калі для мінчан студзеньскія маразы і снегапады сталі фонам для сэлфі, то кіяўлян зімовыя маразы перавялі ў рэжым выжывання. Расіяне пакінулі Кіеў без святла і цяпла, а астатняе зрабіла надвор’е. Людзі грэюцца каля газавых пліт, а ў каго ў дамах няма газу, тэмпература ў памяшканні апускаецца да нуля градусаў.
Мы пагаварылі з нашымі калегамі-журналістамі з украінскіх СМІ пра тое, як яны выжываюць і працуюць гэтай зімой.
“Калі ўзяць з сабой у ванну нагрэтую цагліну, можаш раздзецца і памыцца, пакуль яна будзе аддаваць цяпло”.
Калі мы тэлефануем Наталлі Мазінай з украінскага медыя Hromadske, у яе ў пакоі гарыць гірлянда і настольная лямпа на батарэйках. Калідор асвятляецца маленькімі лямпачкамі ад датчыкаў руху. Але сям’я Наталлі была гатова да таго, што зімой у Кіеве не будзе святла. А да холаду — не была.
— Наталля, а колькі градусаў у вас у кватэры прама цяпер?
— Ну, глядзіце, я ўжо прагрэла, цяпер у мяне 12 градусаў. І мне пашанцавала: у мяне ёсць газавая пліта, я магу “падцяпліць”. А ў многіх кіяўлян дома электрычнасць, і толькі калі з’яўляецца электрычнасць, яны могуць уключыць нейкі абагравальнік.
У мяне пліта гарыць увесь дзень, і ўвесь дзень акно стаіць на праветрыванне. А ў духоўцы ў мяне ляжыць цагліна, таму што калі вечарам узяць гэтую нагрэтую цагліну з сабой у ванну, памяшканне за дзесяць хвілін нагрэецца, і тады ты можаш раздзецца і памыцца, пакуль цагліна будзе аддаваць цяпло.
— Калі 12 градусаў — гэта ўжо нацепленае памяшканне, дык як жа вы праводзіце ўвесь дзень дома? У куртцы?
— Я апранаю цёплыя калготкі, шкарпэткі, на калготкі — цёплыя шорты з воўны, апранаю доўгую сукенку, а лепш — камбінезон. І на галаву шапку, тонкую — але шапку, бо галава аддае найбольш цяпла.
Уначы мы з мужам абавязкова кладзём у ложак бутэлькі з гарачай вадой, таму што на ноч газ выключаем, каб не ўчадзець. Накрываемся дзвюма коўдрамі і спім. І кот з намі.
— І вось вы прачынаецеся раніцай, а ў пакоі… колькі градусаў?
— Можа быць і 10, калі з вечара добра падцяплілі. Не хочацца, канечне, вылазіць з ложка. Я іду на кухню і адразу ўключаю газ. Абавязкова роблю зарадку. Мы з мужам пагаварылі і вырашылі, што нельга адмаўляцца ад такіх звыклых рэчаў. Потым п’ю цёплую ваду і ўвесь дзень стараюся піць шмат гарбаты або цёплай вады.
Раз у дзень я абавязкова выходжу прагуляцца на вуліцу, каб галава праветрылася. У “Пункт незламности” [“Пункт нязломнасці”. — Еўрарадыё] я пакуль не хадзіла. Але, напэўна, прыйдзецца, таму што нядаўна каля дома ў нас згарэў трансфарматар, і ўжо паўтара сутак няма святла.
Пачакайце… Бачу, суседні будынак свеціцца, зараз праверу, ці не ўключылі… Не, не ўключылі.
А калі было святло, можна было на ноч уключаць абагравальнік. Больш нельга.
Шкада кветак… Я іх сёння вынесла ў калідор, каб яны абдуваліся цёплым паветрам з кухні. Мы на кухні паставілі вентылятар, каб ён выдуваў адтуль цёплае паветра і ганяў яго па кватэры.
Але нічога, бывае і горш. Некаторыя сядзяць пры нулі градусаў у дамах, і старыя людзі сядзяць, і дзеці. Цяпер у Кіеве невялікая адліга, але праз тыдзень зноў абяцаюць маразы. Сёння мы даведаліся, што ў нашым раёне сезон ацяплення скончаны, да вясны нічога не адновіцца.
Я плакала, калі шчыра.
Пра тое, што цяпла ў нас не будзе да вясны, стала вядома толькі сёння, і мы з мужам яшчэ не абмяркоўвалі, што рабіць.
— А можна проста з’ехаць з Кіева?
— Можна, і сваякі мужа якраз жывуць за 100 кіламетраў ад Кіева ў прыватным доме з газавым ацяпленнем. Але я як журналіст ужо пісала не адзін рэпартаж пра тое, што адбываецца з кіеўскімі кватэрамі, пакінутымі ў маразы. У многіх палопаліся трубы, і гэта вялікая бяда. Незразумела, калі гэтыя трубы адновяць, і ці можна іх увогуле аднавіць.
Так што ў нас выбар: грэць і ратаваць кватэру, рызыкуючы сваім здароўем, дыхаць гэтым газам — ці з’ехаць і жыць у крыху лепшых умовах. Але, магчыма, страціць кватэру. А мы не можам яе страціць, бо толькі нядаўна сюды пераехалі, купілі яе ў крэдыт. У нашым старым доме, дзе мы жылі да гэтага, выбіла вокны і пашкодзіла сцены, калі ў суседні дом трапіла ракета.
Думаю, перасядзім тут маразы, будзем абаграваць кватэру, каб трубы не палопаліся, а калі маразы спадуць — паедзем да бацькоў мужа. Як казалі “браты-расіяне”, справа рук тых, хто тоне…
— Як вы працуеце ў такіх умовах?
— Не выходзіць працаваць. Вось я сёння напісала два абзацы тэксту, рукі мерзнуць, галава не варыць, выйшла на кухню — а там газ гарыць, і гэта так расслабляе, хочацца легчы і паспаць.
Кіраўнік раёна сказаў рыхтавацца да таго, што замерзнуць каналізацыйныя трубы, і прыйдзецца хадзіць у вулічныя туалеты. Я не гатовая да такога. Але гэта рэаліі вайны. Рэаліі Другой сусветнай вайны, калі тут, у Кіеве, людзі таксама замярзалі. Зараз адбываецца тое ж самае, толькі павольней.
Мы таксама апускаемся ў блэкаўт, толькі не так хутка, як гэта было ў 40-х, калі людзі палілі ў печы мэбляй і кнігамі. Дарэчы, калі мы ўехалі ў гэтую кватэру, аказалася, што папярэднія ўладальнікі пакінулі тут вялікую калекцыю рускай літаратуры. Частку я засунула на антрэсоль, каб, калі будзе “капец-капец”, паліць яе. Я чалавек запаслівы.
— А пра што людзі на вуліцы размаўляюць? Усе гэтыя абставіны згуртоўваюць? Пра што гавораць у кавярнях?
— У мяне недалёка ёсць любімая кавярня. Калі ўсё вакол сыплецца, павінна быць нешта стабільнае. І я кожны дзень туды хаджу. Учора прыходжу, там кажуць: сёння нас балуюць, у нас увесь дзень ёсць святло! Я ім адказваю: а ў нас згарэў трансфарматар!
Іду з кавярні, чую, хлопцы маладыя абмяркоўваюць, як правільна цалавацца. Я іду і думаю: як прыемна, што кагосьці цікавіць не толькі святло і цяпло! А суседка з ніжняга паверха хвалюецца, колькі лічыльнік наматае, калі яна ўключыць гаў, каб грэцца. Так што розныя пакаленні клапоцяцца пра розныя рэчы.
Вікторыя: “У 2026 годзе мы пішам адзін аднаму: некалькі дзён не быў у душы, не ведаю, як увогуле выходзіць да людзей”.
У доме журналісткі Hromadske Вікторыі ацяпленне не выключалі. Калі мы размаўляем, у яе “плюс васямнаццаць”, і цёмна. Святла часам няма па некалькі дзён. Па яе кватэры раскладзены лямпачкі, якія рэагуюць на рух. Ёсць яшчэ лямпачкі, якія можна зарадзіць, каб яны свяцілі 10 гадзін.
Да адключэнняў святла кіяўляне былі гатовыя, але ніхто не быў гатовы да такіх моцных маразоў.
— Вы не плануеце з’язджаць з Кіева?
— Не, у мяне ёсць генератар — “экафлоу”. Яго хапае для працы. Мы за гэты тыдзень напісалі 6 матэрыялаў пра тое, як у розных будынках у Кіеве замярзае каналізацыя, і людзі проста не могуць памыцца і пайсці ў туалет. Ніхто не падумаў пра тое, куды людзі цэнтралізавана могуць з’ехаць, кожны можа разлічваць толькі на сябе.
У мяне праведзена оптавалакно, таму інтэрнэт працуе, нават калі адключаюць электрычнасць. А ў некаторых дамах оптавалакна няма, і тады з адключэннем святла людзі застаюцца яшчэ і без сувязі. Сітуацыя ў горадзе няроўная.
Самая дрэнная сітуацыя ў тых, у каго ўсё ў доме працуе ад электрычнасці. Калі ў цябе ёсць газ, можна хоць пагрэць вады. Мы адкрыта дзелімся ў чатах: нехта можа некалькі дзён не хадзіць у душ, бо ў доме і холадна, і гарачай вады няма. І вось XXI стагоддзе, а мы пішам адзін аднаму: некалькі дзён не быў у душы, не ведаю, як увогуле выходзіць да людзей, а працаваць жа трэба. Не верыцца, што ў 2026 годзе можна жыць у такіх умовах.
— А як гатаваць, калі ў цябе электрапліта?
— Тыя, у каго электрапліта, стараюцца прыгатаваць загадзя, калі ўключаюць святло. Ці ходзяць у супермаркеты, у кулінарыі. У нас ёсць даволі даступная сетка ўстаноў “Пузата хата”, там выраслі чэргі.
— А ў вас газ?
— У мяне ёсць газ, і мне вельмі пашанцавала.
— Як усё гэта перажываюць пажылыя людзі, якія наўрад ці могуць сабе дазволіць хатні генератар?
— Апранаюць як мага больш цёплых рэчаў. У нас ёсць валанцёры, якія прыязджаюць і раздаюць наборы для выжывання: хімічныя грэлкі, цёплыя коўдры, цёплыя шкарпэткі. Нядаўна было заяўлена, што пажылых і маламабільных людзей, у якіх дома няма ацяплення, будуць перасяляць у нейкія шэлтары, і мы пакуль высвятляем, што гэта за месцы.
У дамах, дзе радыятары не лопнулі, ацяпленне змогуць аднавіць у бліжэйшы час. А калі радыятары лопнулі, то цяпла не будзе да канца ацяпляльнага сезона.
— Куды ідзяце, калі хочаце адчуць сябе ў “нармальнасці”?
— У нас ёсць “Пункты Незламности”, можна пайсці ў бібліятэку, а можна ў кавярню, замовіць чай і працаваць адтуль. Установы ў асноўным працуюць у звычайным рэжыме, у іх, у асноўным, ёсць генератары.
Дарэчы, я стала часцей хадзіць у спартзалу, там не выключаюць святло. І шмат сплю проста таму, што калі няма святла, не ведаеш, чым заняцца.
“У горшым выпадку — можна паставіць намёт у пакоі і ацяпляць яго знутры”
У доме ў Таццяны — электрапліта, таму цяпер яна гатуе ў асноўным стравы, якія можна есці халоднымі. А калі з’яўляецца святло, як мага хутчэй заварвае чай у тэрмасе.
— Таццяна, колькі ў вас часу на размову? Вы ж не ведаеце, калі ў наступны раз зможаце зарадзіць тэлефон.
— Хвілін 10–15 я знайду. Мы кожны дзень жывём у стане няпэўнасці. Ніякіх графікаў няма, і ты ніколі не ведаеш, калі зноў выключаць святло, і калі яно з’явіцца зноў, таксама не ведаеш.
Але ў многіх дамах яшчэ да пачатку 2026 года рыхтаваліся да адключэнняў. Людзі скідваліся, самі куплялі генератары, самі іх усталёўвалі. Такія дамы цяпер адчуваюць сябе значна спакайней, людзі могуць закрыць хаця б нейкія свае патрэбы.
А вось у больш старых дамах сітуацыя больш складаная. Але плюс у тым, што ў іх, як правіла, ёсць газ, і падчас адключэнняў электрычнасці людзі могуць хоць бы абагрэцца. У цэлым сітуацыя з ацяпленнем моцна залежыць ад раёна, у якім ты жывеш. Дзесьці ацяплення няма зусім — напрыклад, на левым беразе Кіева.
— Як выжываюць тыя, у каго няма ні генератара, ні ацяплення?
— Я ведаю сем’і, якія проста з’ехалі з горада ў вёску, паселіліся ў дамах, у якіх ёсць печы і якія можна хаця б самастойна абагрэць.
У горадзе працуюць пункты абагрэву, адкрылася больш “Пунктаў незламности”. Іх шмат, напрыклад, у гандлёвых цэнтрах, туды можна прыйсці са сваёй “экафлоу” (партатыўная зарадная станцыя), каб падзарадзіць яе. Ну і выпіць гарачы чай. Так што калі зусім холадна, калі дома няма нічога, ніякіх ацяпляльных прыбораў, то ў гэтым пункце дапамогуць.
Тэарэтычна, у тых жа “Пунктах незламности” можна і пераначаваць. Цяпер адмянілі каменданцкую гадзіну, каб можна было дабрацца да такіх месцаў у любы час. Але ў асноўным людзі ці з’язджаюць з горада, ці як-небудзь спраўляюцца.
Цяпер ужо працуюць крамы, але быў час, калі і іх генератары не спраўляліся — адключэнні электрычнасці былі занадта працяглыя. Цяпер камерцыя прыстасоўваецца да адключэнняў, людзі закупляюць дадатковыя генератары, паліва. І тэатры з музеямі таксама ў асноўным працуюць, так што горад прыстасоўваецца. Але, канечне, жыць у такіх умовах няпроста.
У найбольш выгадным становішчы цяпер тыя, хто загадзя купіў “экафлоу” або адклаў на гэтую пакупку грошы. Гэта значыць, да зімы трэба было літаральна рыхтавацца з лета. Але мала хто думаў, што сітуацыя будзе настолькі цяжкая, што зімой будзе так холадна.
— Як увогуле прыстасавацца да такога жыцця?
— Мясцовыя ўлады давалі шмат парад. Напрыклад, раілі ацяпляць толькі адзін пакой у доме. Не ўсю кватэру, а адзін толькі. У горшым выпадку — паставіць намёт у пакоі і ўжо яго ацяпляць знутры. Калі ў доме ёсць газ, сітуацыя крыху прасцейшая. Ты, па меншай меры, можаш абагравацца газам. Галоўнае — не ўчадзець.
А ў тых дамах, дзе ўсё на электрычнасці, зусім цяжка. Розныя новыя модныя жылыя комплексы, дзе ўсё завязана на электрычнасць, пацярпелі асабліва моцна. Яны засталіся без ацяплення, без святла, без каналізацыі, без вады, і без магчымасці што-небудзь прыгатаваць на пліце.
Напрыклад, у нас дома электрапліта. Цяпер я ў асноўным гатую тое, што можна есці халодным, бо шанцаў скарыстацца плітай менавіта тады, калі хочаш есці, вельмі мала. Ну і, вядома, тэрмас. Чай заўсёды заварваеш у тэрмасе, для ежы таксама выкарыстоўваем тэрмас.
Што яшчэ можна рабіць? Многія ўжо не ўключаюць халадзільнік, а замест яго выкарыстоўваюць балкон. Сталі папулярныя сухія душы. Аказалася, што ёсць шмат розных інавацыйных рэчаў, якія хоць як-небудзь дапамагаюць перажыць сітуацыю.
Кожны дзень даводзіцца падстройвацца, і асноўная праблема ў тым, што ты не ведаеш, калі ўсё гэта скончыцца. Вось выключылі святло, і яно можа з’явіцца праз 6 або 24 гадзіны. І ты выбіраеш: мыць галаву сухім шампунем або чакаць, калі з’явіцца вада. Чакаць магчымасці паабедаць гарачай ежай — або есці нешта халоднае.
Ну і ліфтам не карыстаешся. Святло могуць выключыць раптоўна, і тады ў ліфце ты застанешся на невядомы тэрмін. Таму, калі ў доме няма генератара, у ліфт заходзіць небяспечна.
Кожны дзень ты сам рэгулюеш, як будзеш расходаваць энергію. Можна паставіць электрачайнік — і потым 10 гадзін сядзець без святла. А можна жыць у вельмі эканамічным рэжыме, падзараджаючы ад “экафлоу” толькі тэлефон, і гэтага хопіць надоўга.
— Ці былі мінулыя зімы лягчэйшыя?
— Кожную зіму Расія спрабавала пакінуць Кіеў без электразабеспячэння і без цяпла. Мінулая зіма была ў гэтым сэнсе даволі лёгкай, бо была цёплай. А вось зіма 2022–23 гадоў была жудасная. Тады горад не быў гатовы да такога, і першыя блэкаўты даліся цяжка. Бывала, што святла не было суткамі, і было незразумела, што рабіць.
І сувязі не было зусім, бо праз нейкі час пасля выключэння святла прападаў не толькі мабільны інтэрнэт, але і ўся сувязь. Мы куплялі радыёстанцыі, каб размаўляць адзін з адным. І вось калі параўноўваць тыя зімы з цяперашняй, то, канечне, можна сказаць, што і горад, і людзі цяпер гатовы значна лепш.
Мы спадзяемся, што хутка прыйдзе пацяпленне, і ўжо не будзе такіх нізкіх, нетыповых для Кіева тэмператур. Стане прасцей.