80% Харкава засталіся без электрычнасці пасля абстрэлаў
Харкаў пасля расійскага абстрэлу / ДСНС Украіны
У ноч на 27 студзеня расійскія войскі правялі камбінаваную атаку па Харкаве. Горад атакавалі беспілотнікамі а таксама вялі агонь з рэактыўнай сістэмы залпавага агню "Тарнада-С". Вядома пра прынамсі двух пацярпелых. Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на начальніка Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алега Сінягубава.
У Індустрыяльным раёне Харкава пашкоджаныя дзве школы і размешчаныя побач шматпавярховыя жылыя дамы. Таксама расіяне нанеслі ўдар па энергетычнай сферы горада. У абласной адміністрацыі кажуць што пашкоджанні "дастаткова сур'ёзныя". Без электрычнасці засталася значная частка горада, па вобласці таксама ўвялі аварыйныя графікі адключэнняў святла.
"Каля 80% Харкава і вобласці — без электраэнергіі, бо ў нас дзейнічаюць аварыйныя графікі адключэнняў. Зараз працуюць усе — ДСНС, энергетыкі — для стабілізацыі сітуацыі. Працуюць пад пастаяннымі сігналамі трывогі, пагрозы паўторных балістычных удараў. Праца вельмі цяжкая, але мы ведаем, што рабіць", — пракаментаваў Сінягубаў.