Анархісцкі Чорны Крыж раскрытыкаваў Міколу Дзядка
Мікола Дзядок
Адзін з анархісцкіх рухаў раскрытыкаваў экс-палітвязня Міколу Дзядка. Нагодай стала гісторыя яго стасункаў з непаўналетняй дзяўчынай Янай С., якая вінаваціць яго ў аб'юзе.
Калегі-анархісты Дзядка пасля яго вызвалення вырашылі пайсці шляхам так званага "трансфармацыйнага правасуддзя" — каб ён прызнаў свае памылкі і зрабіў высновы.
"На жаль, Мікола выйшаў з працэсу, калі зразумеў, што рух выступае з крытыкай ягоных дзеянняў. Нашаму калектыву ён паведаміў, што лічыць такія паводзіны здрадай, а таксама падыгрываннем ліберальнай фемінісцкай павестцы", — заявілі ў арганізацыі Анархісцкі Чорны Крыж Беларусі.
У арганізацыі кажуць, што Дзядок не прызнаваў усе праблемы, а яго каментары наконт сітуацыі ў інтэрнэце і прыватных размовах былі рознымі. "Мы бачым, што Мікола не разумее і не прымае дысбаланс улады ў адносінах дарослага мужчыны і падлетка", — тлумачаць пазіцыю ў АЧКБ.
У выніку ўнутранага галасавання рух вырашыў спыніць камунікацыю з Дзядком і не ладзіць з ім агульных праектаў, а таксама прыпыніць продаж ягоных кніг.
Мікола Дзядок абвяргае абвінавачанні Яны ў свой бок. На момант стасункаў яму было 29, ёй — 16.