"Значыць, дзед — усё". Пра што гаворыць сустрэча Ціханоўскай з Зяленскім

Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі у Вільнюсе

Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі у Вільнюсе / president.gov.ua

— Усё тлумачылі вельмі проста: слухайце, ад Святланы Георгіеўны Зяленскаму няма ніякай карысці, так? У гэтым сэнсе мала што змянілася. Я не думаю, што яна можа яму нечым сур’ёзна дапамагчы, — кажа рэдактарка Plan B Вольга Лойка ў эфіры Еўрарадыё, разважаючы пра гістарычную сустрэчу Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага.

Але што ж тады змянілася, калі такая сустрэча ўсё ж адбылася, была працяглай і завяршылася запрашэннем лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл у Кіеў?

— Па сутнасці, змянілася толькі тое, што раней з Святланай Георгіеўнай было менш камунікацыі, бо важна было не псаваць адносіны з дзедам. Цяпер гэта, відаць, перастала быць важным, паколькі рэсурсаў у Святланы больш не стала — яна не можа нечым дапамагчы Украіне.

Значыць, дзед — усё. Яго больш не ўлічваюць як фактар, які можа ўплываць на сітуацыю. 

І гэта выглядае вельмі правільна. Гэта выглядае цалкам нармальна, — сцвярджае Лойка.

Яна таксама адзначыла словы, з якімі Зяленскі звярнуўся да беларускага народа.

— Дзякуй Зяленскаму за словы пра тое, што калі б беларускаму народу дапамаглі ў дваццатым годзе… Я не вельмі ўяўляю, як гэтая дапамога магла б выглядаць на практыцы. І я вельмі хацела б, каб беларусы разабраліся наогул без знешняй дапамогі. Так, няхай складана, але самі — гэта важна.

Важна, што людзі цэняць тое, што мы ўсё рабілі правільна, мы дзейнічалі паводле закону, мы нічога не парушалі. І гэта цэняць суседзі, і нас усё ж выразна адрозніваюць ад, прабачце, Лукашэнкі і яго каманды. Бо часам таксама здавалася, што "вы там агрэсары", "вы там яшчэ хто-небудзь" — але гэта не мы, — падсумавала Вольга Лойка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.