Пераезд Ціханоўскай у Польшчу лідарка лібералаў назвала стратай для Літвы
Вікторыя Чміліце-Нільсэн / E. Blažio / LRT
Пераезд Святланы Ціханоўскай у Польшчу з'яўляецца значнай стратай для Літвы. Такую ацэнку выказала лідарка руху літоўскіх лібералаў Вікторыя Чміліце-Нільсэн. Адказнасць за гэта яна ўсклала на ўрад Інгі Ругінене, які панізіў узровень аховы Ціханоўскай.
"Святлана Ціханоўская, магчыма, была не так прыкметная ў самой Літве, як ад яе чакалі, але яна была і, я не сумняваюся, застаецца важным амбасадарам беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі ва ўсім свеце. Гэта палітык і лідар, якога прымаюць кіраўнікі ўсіх найбуйнейшых і меншых дзяржаў — саюзнікаў Літвы", — перадае LRT словы Чміліце-Нільсэн.
Яна дадала, што Ціханоўская падчас сваіх замежных візітаў заўсёды "выказвала падзяку Літве і падкрэслівала значэнне Літвы як ключавога партнёра ў барацьбе за дэмакратыю".
Чміліце-Нільсэн адмоўна ацаніла рашэнне цяперашняга літоўскага ўрада знізіць узровень аховы Ціханоўскай і яе Офіса: "Гэта было сапраўды ўсвядомленае рашэнне — знізіць узровень аховы, паслаць сігнал рэжыму Аляксандра Лукашэнкі (...) пра тое, што мы не цэнім гэтага і што нам было б зручней, калі б яна з'ехала. Гэта страта для нас, калі казаць выключна пра нашыя інтарэсы".
Паводле лідаркі лібералаў, сацыял-дэмакраты Літвы за год свайго кіравання здолелі разбурыць тое, над чым працаваў не адзін урад.
У кастрычніку 2025-га стала вядома, што Літва вырашыла знізіць узровень аховы лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў. У студзені 2026-га ў СМІ з'явіліся паведамленні, што офіс Ціханоўскай пераедзе ў Варшаву. Пры гэтым Офіс захавае дыпламатычную акрэдытацыю ў Літве і там застануцца некаторыя супрацоўнікі.