Частка Офіса Ціханоўскай застанецца ў Літве — Кучынскі
Дзяніс Кучынскі / Еўрарадыё
Толькі частка Офіса Ціханоўскай будзе працаваць у Польшчы. Пра гэта ў эфіры радыё LRT паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
Пераезд часткі Офіса звязаны са зменай аховы ў Літве і "карэктаваннем мадэлі працы".
"Мы цяпер карэктуем нашу мадэль працы і пашыраем сваю дзейнасць, асабліва ў Польшчы. Цяпер адбываецца такая трансфармацыя. /.../ Відавочна, што мы робім гэта таму, што бяспека з'яўляецца адным з асноўных фактараў", — заявіў Кучынскі.
Дзе будзе працаваць сама Святлана Ціханоўская і наколькі вялікая частка Офіса пераедзе ў Польшчу, Кучынскі не ўдакладніў.
Ён дадаў, што Офіс захоўвае дыпламатычную акрэдытацыю ў Літве і частка супрацоўнікаў застанецца ў гэтай краіне.
Пра пераезд Офіса Ціханоўскай з Літвы ў Польшчу 17 студзеня паведамілі СМІ. На працягу апошніх месяцаў у Літве ўзнікалі праблемы са статусам аховы лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў.