Беларускага дыпламата выклікалі ў МЗС Польшчы
Метэазонд з кантрабандай, ілюстрацыйнае фота / VSAT
Міністэрства замежных спраў Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі. Нагодай стала кантрабанда цыгарэт з выкарыстаннем метэаралагічных зондаў, якія прыляцелі ў Польшчу ў мінулыя выходныя, піша выданне wiadomosci.wp.pl.
"Мы сумняваемся ў тым, што беларускі бок не ведае пра такую колькасць такіх аперацый і не мае на іх уплыву", — пракаментаваў сітуацыю прэс-сакратар МЗС Польшчы Мацей Вевюр.
На выходных польскія памежнікі і паліцыя выявілі ў Падляшскім і Люблінскім ваяводствах метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі. Паведамлялася пра некалькі дзясяткаў паветраных шароў з кантрабандай. "У кожным шары было 1500 пачкаў цыгарэт", — расказаў прэс-сакратар памежнікаў капітан Дарыюш Сяніцкі.
Прэс-сакратар польскага МЗС падкрэсліў, што афіцыйная Варшава чакае канкрэтных тлумачэнняў ад Беларусі. "Працяг такіх паводзін будзе мець наступствы", — заявіў Вевюр.
Як расказвала Еўрарадыё, палітык Станіслаў Жарын прапанаваў у адказ на гэтыя дзеянні закрыць два нядаўна адкрытыя памежныя пераходы з Беларуссю.