Польскі палітык прапануе зноў закрыць "Баброўнікі" і "Кузніцу"

Баброўнікі

Баброўнікі / strazgraniczna.pl

Нядаўна адкрытыя памежныя пераходы "Баброўнікі" і "Кузніцу" на мяжы з Беларуссю трэба закрыць. Старшыня фонду "Інстытут нацыянальнай бяспекі" Станіслаў Жарын прапануе такую меру ў адказ на масавы прылёт метэазондаў з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі.

"Чарговая нахабная правакацыя Расіі і Беларусі. Парушэнне паветранай прасторы Рэспублікі Польшча — гэта не выпадковасць, а чарговая разведвальная аперацыя, якая дэстабілізуе Польшчу",цытуе выданне MOST допіс Жарына ў сацсетцы X.

Палітык звярнуўся да польскага прэм'ер-міністра Дональда Туска і прапанаваў "адмовіцца ад дружалюбных жэстаў у якасці заахвочвання".

"Прашу закрыць адкрытыя вамі памежныя пераходы з Беларуссю! Мінск і Масква зразумеюць толькі жорсткую рэакцыю", — упэўнены Жарын.

Раней Бюро нацыянальнай бяспекі паведаміла, што ў ноч на 17 студзеня ў Польшчу прыляцелі некалькі дзясяткаў аб'ектаў. Пазней польскія службы знайшлі ў памежных раёнах і Беластоку метэазонды з прымацаванымі да іх кантрабанднымі цыгарэтамі або без іх.

Пункты пропуску "Баброўнікі" і "Кузніца" былі адчыненыя пасля доўгага перапынку 17 лістапада 2025 года.

Станіслаў Жарын — эксперт па бяспецы, ён быў дарадцам прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.