"Вярніцеся на Месяц" — Фядута адказаў Калеснікавай
Аляксандр Фядута / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку
Аляксандр Фядута ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку пракаментаваў інтэрв'ю Марыі Калеснікавай для Financial Times.
"Машачка, або вярніцеся на Месяц, або не вучыце жыць тых, хто, падобна да еўрапейцаў, стаміўся набіваць гузы ад чарговага "наступання на граблі". А то мне вас шкада становіцца", — напісаў экс-палітвязень.
У сваім інтэрв'ю Калеснікава заявіла, што Лукашэнка прагматычны і разумее мову бізнэсу. Яна прапанавала гандлявацца з ім, здымаючы санкцыі ў абмен на вызваленне палітвязняў і вяртанне ў Беларусь СМІ і грамадскіх арганізацый.
Фядута ў сваім адказе параўнаў Лукашэнку і Трампа:
"Дональд Трамп бліскуча гандлюе санкцыямі. Ён кантралюе рынак санкцый амаль ва ўсім свеце; дакладней, ён мае на руках блакавальны пакет рынку санкцый, а таму паспяхова іх выкарыстоўвае.
Цяпер Еўропе прапануюць уступіць у перамовы з чалавекам, які стоадсоткава кантралюе рынак рэпрэсій у Беларусі. Разумна — з пункту погляду прапаноўшчыка, зваліўся з Месяца і ня памятае ўсіх папярэдніх спробаў падобнага гандлю.
Калі чалавек кантралюе рынак стоадсоткава, ён заклапочаны толькі тым, каб у яго пастаянна ў наяўнасці быў тавар, які карыстаецца попытам".
Фядута нагадаў, што спробы такога гандлю рабіліся неаднаразова. І нават заканчваліся дамовамі.
"Але праходзіла некалькі гадоў, і рэпрэсіі аднаўляліся па нарастаючай. Таму што за жывы тавар можна было выцыганіць нейкія саступкі. А механізм рэпрэсій кантраляваўся па-ранейшаму аднаасобна", — падкрэслівае ён.