У КДБ заявілі, што выкрылі сетку радыёаматараў
Андрэй Рэпетый / СТБ
У Беларусі затрымалі групу радыёаматараў і абвінавацілі іх у шпіянажы і здрадзе дзяржаве. Сюжэт пра гэта выйшаў на дзяржтэлеканале СТБ у праграме Рамана Пратасевіча 15 студзеня. У ім паведамілі пра затрыманне "ключавых семярых удзельнікаў злачыннай схемы".
Пратасевіч заявіў, быццам структура, замаскаваная пад супольнасць радыёаматараў, перахоплівала і збірала сакрэтную інфармацыю. Агулам па справе, па яго словах, да адказнасці прыцягнулі больш за 50 чалавек. У эфіры СТБ агучылі імёны трох затрыманых: Мікіта Красько, Андрэй Рэпетый, Вячаслаў Бянько.
Выданне "Наша Ніва" піша, што ўсе трое, мяркуючы па сацсетках, захапляліся электронікай і радыё.
У снежні 2025 года старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў, быццам у Беларусі ліквідавалі "сетку замежных спецслужбаў", якая праслухоўвала пілотаў вайсковай і грамадзянскай авіяцыі. Таксама, як казаў старшыня КДБ, вёўся маніторынг вакол рэжымных аб’ектаў.