“Спіс пяць разоў абновіцца”. Даведаліся, што можна спяваць у мінскіх караоке

Наведвальнікі караоке

Наведвальнікі караоке / Cavatina Hall

З’явіўся свежы “чорны спіс” музыкаў, песні якіх чыноўнікі забаранілі выконваць у беларускіх караоке-барах у 2025 годзе. Сярод непажаданых спевакоў можна сустрэць як “нелаяльных” рэжыму беларускіх выканаўцаў, так і ўкраінскіх, амерыканскіх і нават расійскіх. 

Журналіст Еўрарадыё вырашыў праверыць, ці працуюць спісы, і пад выглядам кліента пазваніў у некалькі дзясяткаў устаноў сталіцы, якія прапануюць паслугу караоке. Назвы караоке-бараў рэдакцыя вырашыла не называць наўмысна.
 

Бяспечнымі лічацца “бяскрыўдныя” рускамоўныя песні

Абзвон паказаў, што дзяржаўныя абмежаванні на выкананне пэўных песень сапраўды існуюць і актыўна прымяняюцца.

Так, шэраг адміністратараў бараў пацвярджае, што існуе пэўны агульны спіс забароненых кампазіцый, які дзейнічае для ўсіх устаноў Мінска. Адны кажуць, што нельга будзе спяваць Віктара Цоя, чыя песня “Перемен” гучала на вуліцах у 2020 годзе, другія — што нельга выконваць украінскія і антываенныя песні. 

Пры гэтым суразмоўцы адзначаюць, што гэтыя “чорныя спісы” не з’яўляюцца статычнымі: яны пастаянна абнаўляюцца. І рэпертуар можа змяніцца некалькі разоў нават на працягу аднаго месяца.

“Спіс пяць разоў абновіцца”. Даведаліся, што можна спяваць у мінскіх караоке
Удзельнікі караоке-бара / Анлайн-даведнік Справка.by

Некаторыя бары наўпрост спасылаюцца на тое, што іх праца па ўзгадненні рэпертуару вядзецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Міністэрства культуры. Суразмоўцы раяць кліентам шукаць актуальныя спісы забароненых выканаўцаў у інтэрнэце, каб зразумець, што дакладна нельга будзе праспяваць.

Па словах прадстаўнікоў бараў, пад строгую забарону трапляюць ваенна-патрыятычныя ўкраінскія песні, творы, якія ўтрымліваюць палітычную агітацыю альбо заклікі да вайны, кампазіцыі, за выкананне якіх установу могуць закрыць улады.

Бяспечнымі лічацца “бяскрыўдныя” рускамоўныя песні, якія не закранаюць палітычныя тэмы.

Многія бары працуюць праз прафесійныя караоке-сістэмы, тыпу AST. Кліентам прапануюць спампоўваць адпаведныя мабільныя праграмы, дзе прадстаўлены актуальны і дазволены спіс песень. Паколькі база даных абнаўляецца рэгулярна, усе новыя і дапушчальныя кампазіцыі з’яўляюцца там аўтаматычна.

Але не ўсё так змрочна. Практыкі выканання забароны могуць адрознівацца ў залежнасці ад фармату мерапрыемства. 

На прыватных вечарынах некаторыя бары гатовы ісці на ўступкі. Напрыклад, калі ўстанова зачынена пад карпаратыў, кліентам могуць дазволіць спяваць нават “шансон”, які звычайна забаронены ўнутранай палітыкай установы, альбо зрабіць паслабленні па некаторых іншых выканаўцах.

Некаторыя адміністратары сцвярджаюць, што “строгіх абмежаванняў на песні няма”, але тут жа адсылаюць да лічбавага каталога, які ўжо прайшоў папярэднюю мадэрацыю.

Агулам, хоць адміністрацыі караоке-бараў імкнуцца быць кліентаарыентаванымі, яны вымушаны сачыць за рэпертуарам, каб пазбегнуць патэнцыйных канфліктаў з дзяржаўнымі органамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.