Сэрвіс "Яндэкс Музыка" выдаліў альбом Leibonik з антываеннай песняй
Гурт Leibonik / Сацсеткі
Стрымінгавая платформа "Яндэкс Музыка" з меркаванняў палітычнай цэнзуры выдаліла альбом "Там" беларускага гурта Leibonik.
Пра гэты выпадак расказаў у сваім акаўнце ў Інстаграме лідар гурта Сяргей Башлыкевіч: "Напрыканцы вясны "Яндэкс Музыка" (самы папулярны ў Беларусі стрымінг) без папярэджання выдаліў песню HRAMADZIANIN, а разам з ёй і ўвесь альбом TAM".
Пасля гэтага музыка замяніў песню "Грамадзянін" на трэк "Нема". Гэта інструментальная версія той самай песні. Цяпер кожны можа праспяваць яе самастойна ў фармаце караоке.
"Спачатку я думаў проста прыбраць песню з альбома ці троху выправіць тэкст, але ўсё ж песня без словаў будзе гучаць больш красамоўна. І таму для "Яндэкс Музыкі" альбом TAM перазаліваецца ў рэдакцыі TUT — дзе на месца "Грамадзяніна" становіцца флейта NEMA", — тлумачыць Башлыкевіч.
Песня "Грамадзянін" выказваецца супраць вайны ва Украіне і змяшчае жорсткія пажаданні расійскім вайскоўцам:
Хто на Кіеў у БТРы едзе ўночы
Хай вернецца ў Растоў, але не вернуцца вочы
Хай хлопец заўральскі абдыме дома мамку
А ногі хай пакіне пад Сумамі ў танку
Хай збіты пад Харкавым у верталёце
Калі зможа, напіша: Абгарэў на рабоце
Хай Чорнае мора каскамі пазасыпе
Астраханскага духа ў самым поўным экіпе.