На Мазырскім НПЗ выявілі расійскую сістэму СПА

Расійскі "Тор" на Мазырскім НПЗ

Расійскі "Тор" на Мазырскім НПЗ / Калаж "Схемы"

На тэрыторыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода ў Беларусі з лета 2025 года размяшчаецца сістэма супрацьпаветранай абароны. Мяркуючы па спадарожнікавых здымках, хутчэй за ўсё гэта расійскі зенітна-ракетны комплекс "Тор", паведамляе праект "Схемы".  

Як даведаліся журналісты, абсталяванне пазіцый для сістэмы СПА на тэрыторыі завода пачалося яшчэ ў студзені 2025-га, а ўжо ў жніўні там з'явіўся сам зенітна-ракетны комплекс. Эксперты заяўляюць, што габарыты і цень аб'екта дазваляюць ідэнтыфікаваць яго як расійскую сістэму "Тор".

"Мы бачым, што аб'ект мае цень, характэрны для браніраванай машыны з вежай і шасі. Яго даўжыня і шырыня цалкам супадаюць з параметрамі ЗРК "Тор". Хутчэй за ўсё, гэта сучасны "Тор-М2", які вырабляецца, у прыватнасці, на шасі Мінскага завода колавых цягачоў", — кажа авіяэксперт Анатоль Храпчынскі.

Рашэнне аб размяшчэнні СПА на тэрыторыі Мазырскага НПЗ мог прыняць Лукашэнка, каб мінімізаваць рызыкі дыверсій. Раней у СМІ з'яўляліся паведамленні, што Расія перадала Беларусі не менш за 15 сістэм СПА "Тор-М2".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.