У студзені Кіеў пакінулі 600 000 чалавек — Клічко
Пункт нязломнасці ў Кіеве / ДСНС Украіны
За студзень з Кіева, дзе пражывае каля 3 мільёнаў чалавек, выехалі 600 000 гараджан. Такую лічбу назваў кіраўнік гарадской адміністрацыі Віталь Клічко, заўважыла hromadske.ua.
9 студзеня масіраваная расійская атака пакінула без цеплазабеспячэння палову шматкватэрных дамоў ва ўкраінскай сталіцы. Пасля гэтага Клічко заклікаў жыхароў Кіева "ў каго ёсць магчымасць часова выехаць за горад".
Да вечара 19 студзеня энергетыкі аднавілі падачу цяпла амаль ва ўсіх пацярпелых дамах. Паводле Клічко, заставалася толькі 16 дамоў з 6 тысяч, якія пацярпелі ад атакі 9 студзеня. Аднак уначы на 20 студзеня расіяне зноў абстралялі Кіеў. У выніку без ацяплення засталіся 5635 шматпавярховак. Амаль 80% з іх — дамы, куды вярталі цеплазабеспячэнне з 9 студзеня.
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі раскрытыкаваў кіеўскія ўлады. Ён прывёў ім у прыклад падрыхтоўку ў Харкаве, а таксама заявіў пра адрозненні ў справаздачах уладаў Кіева і ўрада наконт стану дамоў у сталіцы.
Клічко заявіў, што такія заявы "нівелююць самаадданую працу тысяч людзей".