Жанчына з Індыі кажа, што трапіла ў пастку ў Беларусі і жыве ў кароўніку
Міна Джошы / Divya Bhaska
Жанчына з Індыі апынулася ў працоўнай пастцы ў Беларусі, калі яе ашукаў агент. Яе гісторыю паведаміла Divya Bhaskar, заўважыла "Наша Ніва".
Міна Джошы са штата Гуджарат шукала працу за мяжой. У Беларусь яе накіравалі, абяцаючы, што будзе працаваць на ўпакоўцы садавіны. Жанчыне абяцалі штомесячны заробак ад 70 000 да 80 000 рупій (2200—2500 рублёў). Але яна не атрымала ні абяцанай працы, ні заробку, кажа Міна. Цяпер яна хоча вярнуцца ў Індыю, але не мае грошай на набыццё зваротнага білета.
"Я ўдава і прыехала ў Беларусь, узяўшы крэдыт. Нас пасялілі ў кароўніку. Нас трымаюць за 350—400 кіламетраў ад Мінска. Тут у пастцы знаходзіцца шмат людзей", — расказала яна.
Таксама Міна Джошы абвінаваціла агентаў з Індыі, што з яе ўзялі шмат грошай за прыезд у Беларусь. Яна кажа, што пасля тыдня працы ледзь зводзіць канцы з канцамі.
У Індыі ў яе, паводле яе словаў, засталіся трое сыноў.