Беспрацоўны жыхар Жыткавічаў дамогся выключэння са спісу дармаедаў
Пасяджэнне камісіі па "дармаедах" / "Авангард"
У Гомельскай вобласці прайшлі чарговыя пасяджэнні "камісій па працаўладкаванні" — у Жыткавічах і Буда-Кашалёве. Пра тое, каб кагосьці з "дармаедаў" змаглі ўладкаваць на працу, нічога не паведамляецца, заўважыў "Флагшток".
Пры гэтым чыноўнікі перайшлі да пагроз. Старшыня Жыткавіцкага райсавета Леанід Валатоўскі, які ўзначальвае мясцовую "камісію па працаўладкаванні", заявіў, што "цярпенне грамадства і дзяржавы не бязмежнае".
Паведамляецца, што на пасяджэнні камісіі разглядалі сітуацыі людзей, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Прычым траіх чалавек на пасяджэнне камісіі даставіла міліцыя. Адзін з дастаўленых, як піша раённая газета, "наглядна даказаў, што яго хатні падворак з'яўляецца стабільнай крыніцай даходу, і быў афіцыйна прызнаны занятым".