У ноч на аўторак у Беларусі зноў будзе да -30

Зіма, ілюстрацыйнае фота

Зіма, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У аўторак, 3 лютага, у Беларусі прагназуецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.

Будзе пераважна без ападкаў. Уначы і зранку месцамі будзе згушчацца слабы туман. У асобных раёнах чакаецца галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Вецер будзе няўстойлівы слабы.

Тэрмометры ўначы пакажуць ад -19 па поўначы да -30 градусаў па поўдні краіны. У Мінску ўначы і зранку прагназуюць 25 градусаў ніжэй за нуль. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.

Удзень у Беларусі будзе 10-16 градусаў марозу.

У сераду, 4 лютага, будзе воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў, толькі зранку і ўдзень па захадзе і поўдні Беларусі пройдзе невялікі кароткачасовы снег. Месцамі чакаецца галалёд, слабы туман і шэрань. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Вецер уначы будзе пераменных кірункаў, удзень — усходні, паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень — парывісты.

Уначы тэмпература паветра складзе ад -16 па паўднёвым захадзе да -27 градусаў па ўсходзе краіны, пры праясненнях прагназуецца да 30 градусаў ніжэй за нуль. Удзень чакаецца 10-17 градусаў марозу, па паўднёвым захадзе Беларусі будзе 7-9 градусаў са знакам "мінус".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.