У пятніцу ў Беларусі захаваецца галалёдзіца і вернуцца вялікія маразы

Зіма, ілюстрацыйнае фота

Зіма, ілюстрацыйнае фота

У пятніцу, 30 студзеня, у Беларусі ўначы будзе воблачна з праясненнямі, удзень прагназуецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.

Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы месцамі па поўдні краіны пройдзе невялікі снег. У многіх раёнах захаваецца галалёд, на дарогах галалёдзіца. Сіноптыкі з гэтай нагоды зноў абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі. Вецер чакаецца паўночна-ўсходні ўмераны, месцамі — парывісты.

Тэрмометры ўначы пакажуць ад -6 па паўднёвым захадзе да -22 градусаў па поўначы. Удзень прагназуецца 9-15 градусаў марозу, у паўднёвых раёнах Беларусі чакаецца 6-8 градусаў ніжэй за нуль.

31 студзеня і 1 лютага надвор'е будзе фармаваць арктычны антыцыклон з цэнтрам над Фінляндыяй. Чакаецца пераменная воблачнасць.

У суботу будзе пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог — галалёдзіца. Месцамі захаваецца галалёд, па поўначы краіны — слабы туман і шэрань. Вецер прагназуецца ўсходняй чвэрці ўмераны, месцамі — парывісты.

Уначы тэмпература паветра складзе ад -15 па поўдні да -26 градусаў па поўначы Беларусі. Удзень чакаецца 10-16 градусаў ніжэй за нуль, па паўночным усходзе будзе 17-19 градусаў марозу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.