Алену Гнаук білі жанчыны з атрада, а мяне супрацоўнікі калоніі — Вікторыя Кульша

Вікторыя Кульша

Вікторыя Кульша / Вольга Класкоўская, "Новы час"

5 снежня 2025 года палітзняволенай Вікторыі Кульшы выставілі новае абвінавачанне — дэзарганізацыя працы папраўчай установы. Паводле гэтага артыкула КК ёй пагражала да дзесяці гадоў зняволення. Але праз тыдзень, 13 снежня, яе разам з яе больш як сотняй палітвязняў вывезлі з Беларусі ва Украіну. Пра ўмовы ўтрымання экс-палітзняволеная расказала ў інтэрв'ю выданню "Новая газета Европа".

Вікторыя была адміністратаркай тэлеграм-чата "Водители 97%". Пасля затрымання ёй спярша выставілі абвінавачанне ў закліках да шкоды нацыянальнай бяспецы, але потым асудзілі паводле "народнага" 342-га артыкула КК — дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У зняволенні яе яшчэ некалькі разоў судзілі, абвінавачваючы ў непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК).

"Пяць гадоў я правяла на скуралупні. Гэта выраз Паліны Шарэнда-Панасюк, з якой мы праходзілі адны і тыя ж кругі пекла. Скуралупня — на дзіва дакладнае вызначэнне", — згадвае Вікторыя.

Ёй прапаноўвалі супрацоўніцтва, абяцаючы нават не нейкія палёгкі, а проста магчымасць калі-небудзь выйсці з-за кратаў: "Я не рабіла. Я не падпісвала. І разумела, што наўрад ці выйду жывой. У апошняй крымінальнай справе, якую распачалі за тыдзень да нашага выдварэння з Беларусі, асновай абвінавачвання быў мой напад на супрацоўніка. Зразумела, я ні на каго не нападала. Я сказала, што нават у рукі не вазьму гэтую пастанову, не хачу дакранацца да гэтага трызнення. Але зразумела, што цяпер ім нават не трэба шукаць неіснуючыя парушэнні накшталт незашпіленага гузіка".

Кульша гаворыць, што гвалт у калоніі адбываецца з ведама адміністрацыі. Так, кажа яна, іншыя асуджаныя жанчыны білі 68-гадовую палітзняволеную Алену Гнаук. "Разумееце, большасць асуджаных у 24-й калоніі — людзі, для якіх гэта свядомы выбар. Многія на волю выходзяць у госці, ненадоўга. А вяртаюцца ў калонію, як дадому. Я сустракала асуджаных, якія там у 17-ы раз. Натуральна, многія з іх — людзі асацыяльныя. Для іх не існуе паняццяў накшталт павагі да ўзросту".

Саму Вікторыю іншыя зняволеныя не чапалі. "Але білі супрацоўнікі. Калі б я ўпала, то дабівалі б нагамі. Спачатку я абвяшчала галадоўкі, думаючы, што гэта адзіны даступны зняволенаму законны метад пратэсту. Але галадоўкі не працуюць. Адзінае, што ты атрымліваеш, — гэта прафулік як схільны да суіцыду: галадаеш — значыць, свядома прычыняеш сабе шкоду", — расказвае Кульша.

З пяці гадоў за кратамі яна больш за год правяла ў штрафным ізалятары (ШІЗА). А колькі часу ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу) — нават не лічыць. 

Дарэчы, вызвалялі Кульшу з гіпсам на шыі. Яна сказала, што вынік гвалту ў калоніі, але не захацела ўдакладняць падрабязнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.