Што будзе, калі ў Беларусі забароняць аборты? Паглядзелі вопыт іншых краін
У Беларусі хочуць забараніць аборты / pixabay.com
Улады Беларусі плануюць забараніць прыватным клінікам рабіць аборты. Яны звязваюць гэта з тым, што перадабортнае кансультаванне там менш эфектыўнае, чым у дзяржаўных установах: 20% супраць 35%-40%.
А яшчэ ў Міністэрстве аховы здароўя падумваюць аб зніжэнні дапушчальнага тэрміну для аборту — з 12 да 9 тыдняў. Не выключана, што ў будучыні ўлады задумаюцца і пра поўную забарону.
Ці мае сэнс абмежаванне або нават забарона абортаў? Ці расце нараджальнасць пасля ўвядзення такой забароны? Еўрарадыё паглядзела вопыт іншых краін.
Польшча: зніжэнне нараджальнасці
Польшча — адна з самых кансерватыўных краін Еўропы ў сферы заканадаўства аб абортах.
У 2020 годзе тагачасная кіруючая партыя “Права і Справядлівасць” дамаглася яшчэ большага ўзмацнення жорсткасці закона — аборт стаў магчымы толькі ў выпадку згвалтавання або пры пагрозе жыццю маці.
Хоць на практыцы нават гэтага часам было цяжка дабіцца. Напрыклад, у лютым 2023 года на паўночным усходзе Польшчы ўрачы адмовіліся рабіць аборт 14-гадовай дзяўчынцы, якую згвалціў уласны дзядзька. Перапыніць цяжарнасць удалося толькі пасля ўмяшання актывістаў і СМІ.
У 2021 годзе ў Польшчы правялі 107 аперацый па перапыненні цяжарнасці. У 2024 годзе іх колькасць вырасла да 896.
Згодна з дакладам Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы “Польшча ў Еўрапейскім саюзе” каэфіцыент нараджальнасці ў 2023 годзе склаў менш за 1,2 дзіцяці на жанчыну.
Для параўнання — у 2019 годзе, да ўзмацнення жорсткасці заканадаўства, каэфіцыент быў 1,44.
А вось яшчэ статыстыка: са студзеня па верасень 2023 года колькасць нованароджаных была на 25 000 меншай, чым за той жа перыяд 2022 года.
Эксперты кажуць, што да зніжэння нараджальнасці ў Польшчы прыводзіць, сярод іншага, немагчымасць зрабіць аборт.
Пры гэтым абмежаванне ў заканадаўстве не вырашыла праблему абортаў. У 2021 годзе, у першы год дзеяння новага закона, арганізацыя Abortion Without Borders паведамляла, што каля 34 000 польскіх жанчын звярнуліся па дапамогу ў правядзенні аборту нелегальна або за мяжой.
Прычым гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося часткова ўлічыць арганізацыям, — агульная колькасць тых, хто выехаў за мяжу для аборту, можа быць значна большай.
ЗША: павелічэнне нараджальнасці і рост дзіцячай смяротнасці
У 2022 годзе Вярхоўны суд ЗША прыняў закон, які дазваляе штатам адмяняць права на аборт. Цяпер у некаторых штатах дзейнічаюць жорсткія забароны або амаль поўная забарона.
Акрамя легальнасці абортаў, варта звярнуць увагу і на іх даступнасць. Нярэдкія выпадкі, калі ў штаце ёсць толькі адна клініка. Або іх увогуле няма праз розныя заканадаўчыя абмежаванні, якія ўскладняюць працу.
Асабліва гэтая праблема закранае жанчын з сацыяльна ўразлівых слаёў насельніцтва, якія не могуць дазволіць сабе паездку ў іншыя штаты для правядзення аборту.
Акрамя таго, кансерватыўныя заканадаўцы разглядаюць пытанне і пра крымінальную адказнасць за падобныя паездкі з мэтай аборту ў больш ліберальныя штаты.
Згодна з даследаваннем, апублікаваным у часопісе JAMA, у штатах з жорсткімі забаронамі сапраўды быў зафіксаваны рост нараджальнасці прыкладна на 1,7%, што прывяло да паяўлення на свет яшчэ больш за 22 тысячы нованароджаных.
Але разам з гэтым назіраецца вялікі рост смяротнасці сярод немаўлят — гэты паказчык вырас на 5,6%. У большасці выпадкаў ён характэрны для афраамерыканскіх сем’яў, жанчын з нізкім узроўнем даходу, моладзі і асоб без вышэйшай адукацыі, якія сутыкнуліся з медыцынскімі і фінансавымі цяжкасцямі.
Акрамя таго, згодна з данымі за 2023 год, 68% акушэраў-гінеколагаў адзначаюць ускладненні ў неадкладных выпадках праз забароны, а 64% — рост смяротнасці сярод маці.
Кансерватыўная Мальта
На Мальце, хоць гэта адна з самых прагрэсіўных краін з пункту гледжання правоў ЛГБТ, згодна з rainbow map, але аборты дазволены толькі ў самых крайніх выпадках: калі развіццё плода небяспечнае для жыцця жанчыны (да 2023 года гэта таксама было забаронена).
Іншыя прычыны (цяжкі стан здароўя, згвалтаванне і г. д.) не лічацца законнымі падставамі для аборту па мальтыйскім заканадаўстве.
Жанчына, якая перапыняе цяжарнасць на Мальце, тэарэтычна можа быць асуджана на пазбаўленне волі да 3 гадоў.
У 2024–2025 гадах на Мальце зафіксаваны адзін з самых нізкіх узроўняў фертыльнасці ў свеце і ЕС: сумарны каэфіцыент нараджальнасці складае ўсяго 1,06–1,13 дзіцяці на адну жанчыну, нават нягледзячы на забарону абортаў.
Што ў свеце?
Забароны на аборты таксама дзейнічаюць у Ватыкане, Нікарагуа і на Філіпінах.
Андора, Ірландыя, Ліхтэнштэйн, Сан-Марына, Калумбія, Парагвай, Бангладэш, Егіпет, ААЭ, Аман, Емен, Сірыя і шэраг іншых краін прыраўноўваюць перапыненне цяжарнасці да забойства і дазваляюць яго толькі ў асаблівых выпадках.
Ці могуць быць у рашэння забараніць аборты негатыўныя наступствы?
— Няма ніякіх падстаў заяўляць, што аборты ў прыватных цэнтрах праводзяцца “няправільна”, — сцвярджае гінеколаг Станіслаў Салавей. У эфіры Еўрарадыё ён разважаў на тэму магчымай забароны абортаў у прыватных клініках Беларусі і таго, як такое рашэнне можа паўплываць на грамадства.
— Наступствы такой забароны могуць быць сур’ёзнымі. Па-першае, не заўсёды ў дзяржаўных установах працуе той лекар, да якога ты хочаш трапіць. А гэта — тваё права. Ты можаш выбраць спецыяліста проста таму, што ён табе больш падыходзіць, лепш тлумачыць, уважлівей камунікуе. Гэта права выбару. Калі чалавека пазбаўляюць гэтага права — гэта ўжо трывожны сігнал.
Урач упэўнены, што найгоршае, што можа здарыцца, — гэта з’яўленне падпольных абортаў. Ён вельмі спадзяецца, што да гэтага не дойдзе.
— Гэта сапраўды страшна і можа нанесці непапраўную шкоду жаночаму здароўю. Бо аборт — гэта медыцынская працэдура, гэта аперацыя. Калі яе праводзіць чалавек без належнага вопыту — гэта вялізная рызыка.
Нават калі працэдуру праводзіць вопытны спецыяліст, але ўзнікаюць ускладненні, ён будзе баяцца паведаміць пра іх, бо гэта злачынства — гэта можа прывесці да наступстваў, з якімі потым будзе вельмі цяжка справіцца.