На 10% скарацілася насельніцтва Оршы, пакуль ішоў "праект развіцця"

Орша

Орша / planetabelarus.by

Насельніцтва Оршы скарацілася на 10% за час, пакуль улады ажыццяўлялі праект па развіцці рэгіёна. Гэта заўважыла выданне "Беларусы і рынак".

У 2015 годзе ўлады Беларусі вырашылі развіваць неабласныя гарады з колькасцю насельніцтва больш за 80 тыс. чалавек — Баранавічы, Пінск і г. д. Планавалася, што яны стануць кропкамі прыцягнення працы і капіталу ў сваіх рэгіёнах. Пілотным праектам абралі Оршу. Ажыццявіць усе меры запланавалі да 2023 года, а некаторыя праекты — да 2025 года.

У сярэдзіне 2021 года тагачасны прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка паведамляў, што ў ператварэнне Оршы ў кропку росту на той момант было выдаткавана 1,4 млрд рублёў.

Аднак больш прывабным для людзей горад так і не стаў, калі меркаваць па звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Да пачатку 2016 года, калі праект уладаў не пачаў ажыццяўляцца, у Оршы пражывала 112,7 тыс. чалавек. А ў 2025-м, канстатуе Белстат, тут засталося 101,7 тыс. Такім чынам, страты насельніцтва склалі 10%.

У сярэднім па краіне скарачэнне насельніцтва за гэты час склала 4%.

Большыя, чым у Оршы, тэмпы скарачэння насельніцтва фіксуюцца толькі ў адным горадзе, піша выданне. Гэта Светлагорск, дзе сем гадоў таму з'явілася новае горадаўтваральнае прадпрыемства — цэлюлозна-кардонны камбінат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.